Гармонія (греч. harmonia - сувязь, стройнасць, сувымернасць), эстэтычная катэгорыя, якая абазначае сувымернасць частак, цэльнасць, узаемадзеянне, зліццё розных кампанентаў аб'екта ў адзінае арганічнае цэлае. Адушаўлёная Г., напоўненая чалавечым пачуццём і сэнсам, называецца прыгажосцю. Абумоўлівае ўнутраную і знешнюю стройнасць мастацкага твора, яго эстэтычную дасканаласць. З'яўляецца канечным вынікам як творчага працэсу (хаця тут магчымы элементы дысгармоніі, дысанансу, неадпаведнасці), так і працэсу ўспрымання мастацкага твора. Звычайна мастак імкнецца да Г. як да ўвасаблення паўнаты сваёй мастацкай задумы, і яе дасягненне становіцца праяўленнем яго творчага майстэрства. Свядомае ігнараванне ці разбурэнне Г., адмаўленне маральных норм і інш. эстэтычных катэгорый характэрна для розных кірункаў авангардызму, постмадэрнізму другой паловы 20 ст. У старажытнагрэчаскай філасофіі Г. трактавалася як арганізаванасць космасу, у супрацьвагу хаосу. У гісторыі эстэтыкі Г. разглядалася як істотная характарыстыка прыгожага.

Паведаміць пра недакладнасьць