Геніяльнасць, найвышэйшая ступень творчай адоранасці і развіцця здольнасцей чалавека. Паняцце «Г.» выкарыстоўваецца як для вызначэння надзвычайных творчых здольнасцей чалавека, так і для ацэнкі вынікаў яго дзейнасці. Г. можа праяўляцца ў розных сферах жыццядзейнасці людзей: у навуцы, мастацтве, рэлігіі, палітыцы, ваеннай справе, педагогіцы, медыцыне і інш. Аб наяўнасці Г. можна казаць толькі ў тым выпадку, калі чалавек з'яўляецца аўтарам вялікіх адкрыццяў, родапачынальнікам новых тэорый, канцэпцый і навуковых школ, заснавальнікам арыгінальных мастацкіх стыляў, жанраў, стваральнікам непераўзыдзеных твораў мастацтва, ініцыятарам і правадніком перспектыўных навацый у палітычнай, эканамічнай, рэлігійнай і ваеннай сферах (гл. Геній).

Паведаміць пра недакладнасьць