Гропіус Вальтэр (1883-1969), нямецкі архітэктар; адзін з заснавальнікаў функцыяналізму. Агульнаэўрапейскую вядомасць прынеслі Г. будынак абутковай фабрыкі «Фагус» у Альфельдзе (1911-1916) і фабрычны комплекс у Кёльне (1914). У 1918 узначаліў Мастацкую школу ў Веймары, пашырыў яе, абнавіў праграму навучання (накіроўваючы яе на максімальнае садзейнічанне развіццю індывідуальных творчых здольнасцей студэнтаў), і ў 1919 яна атрымала назву «Баўхаўз». Г. распрацоўваў шмат прамысловых будынкаў, танных пабудоў для рабочых, кааператыўных магазінаў і інш. У 1937 пераехаў у ЗША, дзе атрымаў пасаду загадчыка кафедры архітэктуры Гарвардскага ўніверсітэта. Сярод лепшых работ Г. - будынак «Баўхаўза» ў Дэсаў (1925-1926), Цэнтр выпускнікоў Гарвардскага ўніверсітэта ў Кембрыджы (1949-1950), будынак пасольства ЗША ў Афінах (1957-1961), небаскроб авіякампаніі «Амерыкан эрлайнс» у Нью-Ёрку (1958-1963) і інш. Г. напісаў некалькі кніг па архітэктурным мастацтве: «Баўхаўз: 1919-1928» (1938), «Татальная архітэктура» (1955) і «Апалон у свеце дэмакратыі» (1967).

Паведаміць пра недакладнасьць