Джойс Джэймс (1882-1941), ірландскі пісьменнік, прадстаўнік мадэрнісцкай і постмадэрнісцкай прозы. Вучыўся ў езуіцкім пансіёне, на мастацтвазнаўчым факультэце Дублінскага каледжа. Выкладаў ангельскую мову ў Цюрыху (Швейцарыя). Першая кніга Д. - зборнік вершаў «Камерная музыка» (1904). У 1914 выйшаў у свет зборнік апавяданняў (скетчаў) пад назвай «Дублінцы», у якіх Д. апісвае паўсядзённае жыццё жыхароў Дубліна. У 1916 апублікаваў раман «Партрэт мастака ў юнацтве». Сапраўдную славу Д. прынёс раман «Уліс» (1922), які стаў адным з самых наватарскіх і яркіх твораў 20 ст. У гэтым рамане апавядаецца пра адзін дзень, праведзены жыдоўскім камерсантам Леапольдам Блумам у г. Дублін. Раманы «Уліс» і «Памінкі па Фінегану» (1939) сталі манументальнымі помнікамі ў справе стварэння новай эксперыментальнай мовы, адкрыцця новай паэтыкі і спосабаў пісьма, у якіх мастацкая форма займае месца зместу, кадуючы ў сабе ідэйныя, псіхалагічныя і іншыя вымярэнні. Мастацкаму метаду Д. ўласцівы выкарыстанне «патоку свядомасці», пародыі, стылізацыі, камічных прыёмаў, выяўленне міфалагічных і сімвалічных слаёў сэнсу асобных слоў, сказаў, амаль поўная адсутнасць сацыяльных аспектаў і матываў. Творчасць Д. аказала значны ўплыў на далейшае развіццё сусветнай прозы і тэорыі літаратуры.

Паведаміць пра недакладнасьць