Дудараў Аляксей (н. 1950), беларускі драматург і празаік. Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі (1991). Скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (1976). Працаваў акцёрам, загадчыкам літаратурнай часткі Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача. Галоўны рэдактар часопіса «Мастацтва» (1991-2002). З 2001 мастацкі кіраўнік тэатра «Вольная сцэна». З 1992 старшыня прэзідыума Рады Беларускага саюза тэатральных дзеячаў. Друкуецца з 1973. У першай кнізе прозы «Святая птушка» (1979) і п'есе «Выбар» (паст. 1979), а таксама п'есах «Парог» (паст. 1981), «Апошні ўзлёт» (паст. 1982), «Радавыя» (1984; Дзяржаўная прэмія СССР 1985), драме «Злом» (1989) даследуе маральна-этычныя і духоўныя праблемы сучасніка, нялёгкія пошукі героямі свайго выбару жыццёвага шляху. Паводле сцэнарыяў Д. пастаўлены кароткаметражныя і мастацкія фільмы на кінастудыі «Беларусьфільм» («Кола», «Дэбют», «Бусляня», «Белыя Росы» і інш.). П'есы Д. вызначаюцца філасофскім роздумам пра сэнс жыцця, дабро і зло, лёс чалавека і народа, вострай канфліктнасцю, псіхалагічнай заглыбленасцю; яны неаднаразова ставіліся за мяжой (Балгарыя, Паўночная Ірландыя, Польшча, Расея і інш.). Пераклаў на беларускую мову п'есы Ў.Шэкспіра «Рычард III», «Макбет», «Гамлет».

Паведаміць пра недакладнасьць