Дунін-Марцінкевіч Вінцэнт (1808-1884), беларускі паэт, драматург, тэатральны дзеяч. Вучыўся ў Пецярбургскім універсітэце. Удзельнічаў у паўстанні 1863-1864, за што адбываў зняволенне ў менскай турме. Літаратурную дзейнасць пачаў у 1840-я г. (лібрэта аперэт «Спаборніцтва музыкаў», «Чарадзейная вада» і інш.). У 1846 апублікаваў музычна-драматычны твор «Сялянка» («Ідылія»). Арганізаваў тэатральную трупу - першы беларускі тэатр, які наладжваў спектаклі ў розных мясцінах Беларусі. У 1850-я г. распрацоўваў новыя жанравыя формы - вершаванае апавяданне і аповесць, баладу, вытрыманыя ў павучальна-дыдактычным духу («Вечарніцы», «Гапон», «Купала» (усе 1855) і інш.). У іх спалучаюцца рамантычная цікавасць да народных звычаяў, традыцый і рэалістычнае імкненне перанесці на грунт рэальнага жыцця вобразы народных легенд, казак, паданняў. У многіх творах Д.-М. паэтызавалася сялянская праца, узвышаўся чалавек з народа, высмейваліся адмоўныя рысы характару прадстаўнікоў розных саслоўяў, востра крытыкаваліся заганы, недахопы тагачаснага грамадскага жыцця (камедыі «Пінская шляхта», 1866; «Залёты», 1870; «Халімон на каранацыі», 1857). У творчасці Д.-М. фармаваўся метад рамантычнага этнаграфізму, які найбольш адпавядаў пачатковаму этапу развіцця беларускай літаратуры 19 ст. Шлях да сацыяльнай гармоніі ён бачыў у маральным удасканаленні, асветніцтве, развіцці нацыянальнай мовы і культуры. Выступаў за сінтэз, адзінства дзвюх культур - дваранскай і народнай, першая з якіх нясе высокі ўзровень духоўнасці, а другая вызначае самабытнасць. Лічыў, што адметны характар беларускай культуры грунтуецца найперш на асаблівасцях духоўнага багацця беларусаў, увасобленага ва ўсім складзе светапогляду народа, у яго паданнях, песнях, звычаях, побыце. У 1859 пераклаў на беларускую мову эпічную паэму А.Міцкевіча «Пан Тадэвуш».

Паведаміць пра недакладнасьць