Дызайн (ад англ. designe - праект, чарцёж, праектаваць, канструяваць), від праектнай дзейнасці па фармаванні рэчавага асяроддзя; метад мастацкага канструявання асяроддзя жыццядзейнасці індывіда і грамадства. Асноўная мэта Д. - наданне аб'ектам, прадметам комплексу ўзаемазвязаных характарыстык і якасцей - прыгажосць, мэтазгоднасць, эканамічнасць, гарманічнасць, зручнасць карыстання аб'ектамі, здольнасць выклікаць пачуццё псіхафізіялагічнага камфорту. Галоўныя сродкі Д. - аб'ём і прастора канструкцыі, прапорцыі, рытм, кантраст, колер, фактура і інш. Аб'ектамі Д. выступаюць прамысловыя вырабы (вытворчае абсталяванне, бытавая тэхніка, мэбля, адзенне і інш.), элементы і сістэмы вытворчага і жыллёвага асяроддзя, візуальная інфармацыя і г.д. Як спецыяльнае праектаванне (пераважна вытворчае) Д. узнік у першай чвэрці 20 ст. ў Германіі і Расеі. Асабліва хуткае развіццё Д. адбылося пасля другой сусветнай вайны, калі ён пранік у сферу аўтамабільнай прамысловасці, машынабудавання, рэкламы, друкаванай прадукцыі і г.д. У сучаснай сусветнай практыцы Д. успрымаецца як асяроддзе, якое поўнасцю спраектавана і абнаўляецца з дапамогай праектавання, а таксама як глабальны метад арганізацыі свету, уключаючы і вырашэнне сацыяльных, духоўна-культурных праблем. У Беларусі дзейнічаюць Беларускі інстытут дызайну, студыі Саюза дызайнераў Беларусі.

Паведаміць пра недакладнасьць