Эўразійства, кірунак расейскай сацыяльнай і культуралагічнай думкі 20-30-х г. 20 ст., які ўзнік у асяродку эмігранцкай навуковай інтэлігенцыі. Прадстаўнікі Е. (М.Трубяцкой, Л.Карсавін, Г.Вярнадскі, П.Савіцкі і інш.) спрабавалі выявіць адметнасць «культурнай асобы» Расеі. Упершыню канцэпцыя Е. была сфармулявана ў кнізе Трубяцкога «Эўропа і чалавецтва» (1920), а потым была развіта ў калектыўных зборніках «Расея і лацінства» (1923), «Эўразійства: вопыт сістэматычнага выкладання» (1926), «Эўразійства: Фармуліроўка 1927 г.» (1927) і інш. У Германіі, Англіі, Чэхаславакіі, Кітаі склаліся эўразійскія цэнтры, якія выпускалі зборнікі, хронікі, манаграфіі і артыкулы. У Е. да сферы культуры адносіліся палітыка, духоўная творчасць і матэрыяльная культура. Паводле Е., Расея ўяўлялася як «Эўразія» - асобны сярэдзінны мацярык паміж Азіяй і Эўропай. Эўразійцы лічылі, што расейская культура па сваёй сутнасці з'яўляецца эўразійскай, паколькі аб'ядноўвае, спалучае ў сабе элементы розных культурных традыцый - эўрапейскай (заходняй) і азіяцкай (усходняй). Таму расейская культура адначасова належыць Захаду і Ўсходу, і ў той жа час не адносіцца ні да аднаго, ні да другога. У адпаведнасці з Е., культура Расеі разглядаецца як своеасаблівы неэўрапейскі феномен, што дзякуючы наяўнасці рыс розных цывілізацый з'яўляецца больш багатай і знаходзіцца на больш высокім узроўні развіцця ў параўнанні з заходнімі і ўсходнімі культурамі.

Паведаміць пра недакладнасьць