Жанр (ад франц. genre - род, від),

1) гістарычна складзенае, устойлівае падраздзяленне віда мастацтва;

2) тып мастацкага твору ў адзінстве спецыфічных рыс яго формы і зместу. Абагульняе рысы, уласцівыя вялікай групе твораў якой-небудзь эпохі, нацыі ці сусветнага мастацтва ўвогуле. У літаратуры Ж. вызначаецца на аснове дамінуючай эстэтычнай якасці (ідэйна-ацэначнага настрою - сатырычнага, патэтычнага, трагічнага), аб'ёму твора і спосабу пабудовы вобразу (сімволіка, алегорыя, дакументальнасць): эпічны (гераічная паэма, раман, апавяданне), лірычны (ода, элегія, верш, песня), драматычны (камедыя, трагедыя). У выяўленчым мастацтве Ж. вызначаецца на аснове прадмета выяўлення (партрэт, нацюрморт, пейзаж, гістарычная ці батальная карціна), а часам і характару выяўлення (шарж, карыкатура). У музыцы Ж. падзяляюцца: па выканальніцкаму (вакальныя-сольныя; ансамблевыя, харавыя; вакальна-інструментальныя; інструментальныя - сольныя, ансамблевыя і аркестровыя); па прызначэнню і тыпах сацыяльнага функцыянавання (прыкладныя Ж. - марш, танец, калыханка; культавыя і інш.); па зместу і тыпах экспрэсіі (лірычныя, эпічныя і драматычныя); па месцы і ўмовах выканання (тэатральныя, канцэртныя, камерныя, кінамузыка). У 20 ст. адбываўся інтэнсіўны працэс узаемадзеяння і мадыфікацыі Ж.

Паведаміць пра недакладнасьць