Зоамарфізм (ад грэч. soon - жывёла + morphe - форма),

1) упадабленне багоў, божастваў да вобразу розных жывёл. Узнік у першабытным грамадстве, калі склаліся ўяўленні пра жывёл як кроўных сваяках чалавека. Асобныя народы свету ў розныя гістарычныя эпохі з часоў старажытнасці ўяўлялі сваіх багоў у выглядзе жывёл (напр., у старажытных эгіпцян бог Анубіс меў выгляд шакала ці сабакі). У пазнейшыя часы З. паступова змяніўся антрапамарфізмам.

2) Рэлігійна-містычныя ўяўленні, вераванні і абрады, прысвечаныя жывёлам і звязаныя з культам жывёл. У сучаснай культуры З. увасабляецца ў розных сімвалах, адлюстроўваецца ў выяўленчым мастацтве (найперш у анімалістычным жанры), міфалагічных і казачных персанажах, знаках задыяку, сузор'ях, а таксама ў архітэктуры, прыкладным мастацтве, у тэхнічнай творчасці (біёніка) і г.д. Пераемнасць традыцый З. захоўваецца ў некаторых народаў да сучаснасці (напр., культ каровы і малпы ў Індыі, мядзведзя ў Паўночнай Амерыцы, рэшткі ўшанавання казы, мядзведзя ў беларускай традыцыйнай культуры і інш.).

Паведаміць пра недакладнасьць