Індыйская культура, культурная спадчына індыйскага народа. Індыйская цывілізацыя адносіцца да ліку адной з найбольш старажытных у свеце (разам з эгіпецкай і месапатамскай); яна ўзнікла і развівалася ва ўрадлівай даліне дзвюх буйных рэк - Інда і Ганга. Да найбольш важных і адметных рыс І.к. можна аднесці яе своеасаблівую «адкрытасць» для знешніх уплываў; багацце і разнастайнасць рэлігійна-філасофскіх вучэнняў (ведызм, індуізм, брахманізм, будызм, джайнізм і інш.); захаванне на працягу тысячагоддзяў політэістычных ўяўленняў; відавочная звернутасць да Сусвету і адначасова да ўнутранага свету чалавека; надзвычайная «прасякнутасць» пачуццём кахання. Неадназначны ўплыў на сацыяльнае і духоўна-культурнае развіццё індыйскага грамадства аказала сістэма чатырох варнаў (саслоўяў) - брахманы (жрацы), кшатрыі (правіцелі і воіны), вайш'я (земляробы, жывёлаводы, простыя абшчыннікі) і шудры (бедныя, бяспраўныя людзі), а пазней - шматлікіх кастаў. У І.к. высокі ўзровень развіцця быў уласцівы літаратуры («Веды», «Упанішады», «Махабхарата», «Рамаяна», «Кама-Сутра», джатакі і інш.), архітэктуры (індуісцкія і будыйскія культавыя і мемарыяльныя збудаванні - храмы, ступы, манастыры і інш.), рэлігійна-філасофскай думцы (канцэпцыі кармы, сансары і інш., якія сталі своеасаблівым маральна-этычным рэгулятарам паводзін індыйцаў на працягу многіх стагоддзяў), выяўленчаму мастацтву (насценныя роспісы, рэльефы ў храмах, статуі Буды і іншых божастваў, капітэлі са скульптурнымі выявамі на вяршыні мемарыяльных калон, мітхуны і інш.), музыкі і харэаграфіі (розныя віды музычнага тэатра, мноства класічных танцаў і да т.п.).

Паведаміць пра недакладнасьць