Інтэлігенцыя (ад лац. imtelligens - разумны, разумеючы), грамадскі слой людзей, якія прафесійна займаюцца разумовай, творчай працай, развіццём і распаўсюджваннем культуры. Выдзяляецца творчая і навукова-тэхнічная І. Тэрмін «І.» быў уведзены ў 19 ст. расейскім даследчыкам П.Бабарыкіным і пазней з расейскай перайшоў у іншыя мовы. Перадумовай узнікнення І. быў падзел працы, асабліва аддзяленне разумовай ад фізічнай, які адбыўся яшчэ ў антычную эпоху і паглыбляўся ў працэсе фармавання і развіцця індустрыяльнага грамадства. І. неаднародная па сваім сацыяльным паходжанні, статусе і палітычных арыентацыях, выконвае функцыі тэарэтычнага асэнсавання і выпрацоўкі канцэпцый развіцця грамадства, культуры, асветы, а таксама арганізацыі розных сацыяльных інстытутаў. У Беларусі І. як самастойны сацыяльны слой склалася ў 19 - пачатку 20 ст. і ўнесла значны ўклад у развіццё беларускай літаратуры, выяўленчага і тэатральнага мастацтваў, навукі. У сярэдзіне 1990-х г. у Беларусі налічвалася каля 1 млн. чал., якія працавалі ў сферах, звязаных з разумовай працай.

Паведаміць пра недакладнасьць