Каляды (ад лац. calendae, «календы» - назва першага дня кожнага месяца ў старажытных рымлян), народнае зімовае свята дахрысціянскага паходжання. Святкаванне К. звязана з перыядам зімовага сонцастаяння і адпаведна з першым павелічэннем самага кароткага дня ў годзе. У гадавым коле народных аграрных абрадаў і святкаванняў займала 1-е месца. З усталяваннем хрысціянства К. былі прымеркаваны да святаў Раства Хрыстовага і Вадохрышча. У Беларусі рытуал святкавання К. цесна пераплецены з народнай святочнай традыцыяй. К. працягваюцца з 24 снежня па 6 студзеня (па старому стылю). У аснове К. - старажытная аграрная абраднасць, агульным прызначэннем якой было паскарэнне надыходу цяпла (паводле народнага выказвання «Ад Каляд сонца паварочвала на лета») і забеспячэнне добрага ўраджаю ў новым гаспадарчым годзе пры дапамозе магічных дзеянняў. Для К. характэрны тры абрадавыя вячэры (куцці): посная (вялікая) спраўляецца перад першым святочным днём; багатая (тоўстая, шчодрая) з мяснымі стравамі - у вечар перад Новым годам; посная (галодная, вадзяная) - перад Вадохрышчам. У час К. наладжвалі варажбу, шматлікія забавы, гульні, а таксама т.зв. «калядаванне» - хаджэнне калядоўшчыкаў па хатах з выкананнем велічальных песень, тэатралізаваных сцэнак, пераапрананнем у «казу», «мядзведзя», «кабылу» і да т.п. Калядоўшчыкі спявалі калядныя песні, у якіх віншавалі гаспадароў хаты, жадалі ім дабра і заможнасці, услаўлялі іх працавітасць і шчодрасць, дабрадушна кпілі з малалеткаў, дзеда ці бабулі. За гэта гаспадары хаты давалі ім розныя падарункі (сала, каўбасы і інш.).

Паведаміць пра недакладнасьць