Канон (ад грэч. kanon - правіла, прадпісанне),

1) правіла, палажэнне якой-небудзь плыні, вучэння, якое прызнаецца цвёрда ўстаноўленым, стала традыцыйным, агульнапрынятым, мае сілу закона. К. можа быць носьбітам пэўных традыцый у духоўным жыцці грамадства, увасабляць ідэал культуры, а пры пэўных абставінах - быць тормазам развіцця культуры, мастацтва, мовы і інш. У Старажытнай Грэцыі пад К. разумелі сістэму ідэальных прапорцый чалавечай фігуры, разлічаную скульптарам Паліклетам (5 ст. да н.э.) у яго тэарэтычным трактаце «Канон». У далейшым у мастацтве К. - гэта сукупнасць мастацкіх прыёмаў і правіл, якія лічацца абавязковымі ў тую ці іншую эпоху (напр., візантыйскі К. у іканапісе, правіла залатога сячэння ў архітэктуры і выяўленчым мастацтве). На спецыфіку беларускага сярэднявечнага мастацтва паўплывалі візантыйскі К. (найперш культавая архітэктура, агіяграфічная літаратура, царкоўная музыка) і традыцыі этнічнай культуры. Біблейскі К. - сукупнасць кніг Бібліі, якія прызнаюцца царквой «боганатхнёнымі» (у адрозненне ад апокрыфаў) і выкарыстоўваюцца ў богаслужэннях - найперш Свяшчэннае Пісанне. Царкоўны К. - правілы ў галіне дагматыкі, культу, арганізацыі царквы, узведзеныя хрысціянскай царквой у закон.

2) Жанравая форма візантыйскай літургічнай паэзіі і спеўнага майстэрства, від царкоўнай паэмы-гімна складанай канструкцыі.

Паведаміць пра недакладнасьць