Караткевіч Уладзімір (1930-1984), беларускі пісьменнік, паэт, драматург. Скончыў Кіеўскі ўніверсітэт (1954), Вышэйшыя літаратурныя (1960) і сцэнарныя (1962) курсы ў Маскве. Пачаў друкавацца ў 1955. Распрацоўваў пераважна гістарычную тэматыку (паўстанне 1863-1864 і інш.). У паэзіі К. яркая вобразнасць, асацыятыўнасць мыслення, глыбіня філасофскага роздуму (зборнікі вершаў «Матчына душа», 1958; «Вячэрнія ветразі», 1960; «Мая Іліяда», 1969; «Быў. Ёсць. Буду» (1986). Для прозы К. характэрны вострая фабула, яркія характары, пастаноўка сацыяльна значных праблем: раманы «Нельга забыць» (1982; Літаратурная прэмія імя І.Мележа, 1983), «Каласы пад сярпом тваім» (Т. 1-2; 1968), «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» (1966), «Чорны замак Альшанскі» (1983; Дзяржаўная прэмія Беларусі імя Я.Коласа, 1984), аповесці «Дзікае паляванне караля Стаха» (1964), «Чазенія» (1967) і інш. Аўтар кінасцэнарыяў, публіцыстычных і літаратурна-крытычных артыкулаў, оперных лібрэта («Сівая легенда», музыка Дз.Смольскага). Аўтар п'ес «Млын на Сініх Вірах» (паст. 1959), «Званы Віцебска» (паст. 1974), «Кастусь Каліноўскі» (паст. 1978) і інш., гістарычнага нарысу «Зямля пад белымі крыламі» (1977). Многія героі твораў К. вабяць сваёй прыгажосцю і багаццем унутранага свету, маральнасцю, высакароднасцю ўчынкаў, самаахвярным служэннем Бацькаўшчыне. Творчасці К. ўласцівы філасофскія роздумы пра сэнс жыцця і прызначэнне чалавека на Зямлі, пра лёс беларускага народа ў яго трагічным і адначасова светлым, аптымістычным вымярэнні, вострая сацыяльная накіраванасць і грамадзянская страснасць, вернасць ідэалам гуманізму, дабра і справядлівасці, узнёслая рамантычнасць, паэтычнасць. На творах К., часта заснаваных на гістарычных фактах і архіўных дакументах, выхоўвалася не адно пакаленне беларусаў, прадстаўнікі якога праз захапленне творчасцю пісьменніка прыходзілі да свайго нацыянальнага самаўсведамлення, да шчырай павагі і любові да свайго роднага краю, да сваёй багатай культуры і мовы. Шматгранная творчасць К. паспрыяла развіццю не толькі беларускай літаратуры, але і нацыянальнаму тэатральнаму мастацтву, нацыянальнаму кінематографу, паколькі асобныя яго творы ўжо неаднойчы пераносіліся на сцэнічныя падмосткі, экранізаваліся.

Паведаміць пра недакладнасьць