Кірыла Тураўскі (каля 1130 - 1182), беларускі пісьменнік, царкоўны дзеяч, майстар аратарскай прозы. У Тураве атрымаў вельмі добрую на той час адукацыю. Рана пастрыгся ў манахі і заняўся літаратурнай дзейнасцю. Быў тураўскім епіскапам. Праславіўся як прапаведнік, выдатны майстар урачыстага царкоўнага красамоўства. У сваіх творах, пропаведзях горача клапаціўся пра маральна-духоўнае самаўдасканаленне суайчыннікаў. Абапіраўся на лепшыя традыцыі антычнай і візантыйскай аратарскай прозы. Зберагліся яго 8 «слоў»-пропаведзяў («Слова на Вялікдзень», «Слова на Ўшэсце» і інш.), некалькі дыдактычных аповесцей-прытчаў, 2 каноны, каля 30 малітваў-споведзяў. У паэтычных «словах», складзеных з нагоды розных свят, праз традыцыйны біблейскі змест, царкоўна-рэлігійную форму прарываецца захапленне чалавекам радасцю жыцця, хараством прыроды, імкненнем да духоўнай дасканаласці, да ідэалу. «Словы» вылучаюцца багаццем вобразна-паэтычнай мовы, стылістычным адзінствам, глыбокім лірызмам і эмацыянальнасцю, шырокім выкарыстаннем алегорый, сімвалаў, рытарычных зваротаў, разгорнутымі параўнаннямі. Некаторыя прамовы К.Т. дзякуючы багатай паэтычнай фразеалагогіі, сінтаксічнаму паралелізму, агульнаму рытмічнаму ладу нагадваюць вершы ў прозе. Яго творы склалі залаты фонд старажытнай літаратуры і на працягу стагоддзяў карысталіся вялікай папулярнасцю на землях усходніх славян, перапісваліся да 19 ст. Яны змяшчаліся ў зборніках «Златоуст» і «Торжественник» побач з класічнымі ўзорамі антычнай аратарскай прозы, творамі Іаана Златавуста і інш. За надзвычайнае майстэрства і глыбіню яго пропаведзяў і твораў К.Т. называлі «Златоуст, паче всех воссіявшій нам на Русі». Некаторыя даследчыкі называюць К.Т. сярод магчымых аўтараў «Слова пра паход Ігаравы».

Паведаміць пра недакладнасьць