Класіцызм (ад лац. classicus - літар. «ўзорны»), стыль і кірунак у мастацтве і літаратуры 17 - пачатку 19 ст., што звяртаўся да антычнай спадчыны як да нормы і ідэальнага ўзору. Склаўся ў 17 ст. у Францыі і паступова стаў дамінуючым мастацкім стылем у тагачаснай эўрапейскай культуры. Галоўныя агульныя прынцыпы К. - яснасць, упарадкаванасць, лагічная паслядоўнасць, стройнасць і гармонія, дамінацыя рацыянальнага пачатку. Найбольшы ўплыў К. аказаў на развіццё архітэктуры, тады як дасягненні прадстаўнікоў дадзенага мастацкага стылю ў галіне лірычнай паэзіі і музыцы былі не вельмі значныя. Архітэктуры К. ўласцівы дакладнасць і геаметрызм форм, лагічнасць і яснасць планіроўкі, стрыманы дэкор; выяўленчаму мастацтву - яснасць і ўраўнаважанасць кампазіцыі, стрыманае каляровае вырашэнне, строгае разгортванне сюжэта (вядучым жанрам з'ўляецца гістарычны жанр). Найвышэйшага росквіту музычны К. дасягнуў у творчасці Ф.Й.Гайдна, В.А.Моцарта, Л.Бетховена. Яны ўваходзілі ў т.зв. «Венскую класічную школу» і лічыліся трыма «венскімі класікамі». Аднак у творчасці Моцарта і асабліва Бетховена намеціліся шляхі ў будучыню - у эпоху рамантызму. Для літаратуры К. з'яўляліся характэрнымі такія адметныя рысы, як гарманічнасць, яснасць, стройнасць, дакладнасць, ураўнаважанасць, прыхільнасць да антычных узораў і канонаў. У галіне літаратуры існаваў дакладны падзел на т.зв. «высокія» і «нізкія» жанры. Да «высокіх» жанраў адносіліся трагедыя, ода, эпапея, а да «нізкіх» - адпаведна камедыя, байка, сатыра. Прызначэнне абодвух жанраў заключалася ў тым, каб «забаўляючы, павучаць». У 1635 у Парыжы была заснавана Акадэмія літаратуры. З таго часу К. афіцыйна стаў дамінуючым кірункам у літаратуры.

У архітэктуры Беларусі К. выявіўся ў другой палове 18 ст., развіваўся паралельна з познім барока, а ў канцы 18 ст. стаў асноўным стылем. У канцы 18 - пачатку 19 ст. на аснове К. была ажыццёўлена перапланіроўка беларускіх гарадоў (планам надаваліся формы прамавугольнікаў ці шматвугольнікаў, жылыя і грамадскія будынкі ўзводзіліся па арыгінальных і «ўзорных» тыпавых праектах), пашырылася будаўніцтва палацава-паркавых комплексаў, сядзіб. Сярод выдатных помнікаў К. Гомельскі Петрапаўлаўскі сабор, Гомельскі палацава-паркавы ансамбль, Сноўскі палацава-паркавы ансамбль і інш. К. паўплываў на асаблівасці мастацкай формы драўлянага дойлідства. У выяўленчым мастацтве К. пачаў пашырацца з другой паловы 18 ст. Спачатку пераважалі партрэтны і гістарычны жанры (Ф.Смуглевіч, Ю.Пешка, І.Аляшкевіч). Ярка выявіўся ў дэкаратыўна-прыкладным мастацтве (тэкстыльныя вырабы гарадзенскіх і слуцкіх мануфактур, мэбля, шкло, размалёўка). Рысы К. назіраюцца ў ранніх творах мастакоў-рамантыкаў В.Ваньковіча і Я.Дамеля. У першай палове 19 ст. К. выцеснены рамантызмам. У галіне літаратуры ў Беларусі класіцысцкія тэндэнцыі прыкметныя з 17 ст. (сілабічная паэзія). У творчасці Сімяона Полацкага заўважаецца спалучэнне элементаў рэнесансу, барока і К. Больш ярка ў шматмоўнай літаратуры Беларусі К. выявіўся ў другой палове 18 - пачатку 19 ст. Яго асноўныя рысы (абагульненасць вобразаў, перавага рацыянальнага над эмацыянальным) уласцівы пісьменнікам, якія пісалі на польскай (А.Нарушэвіч, Ю.Нямцэвіч, Ф.Багамолец), расейскай (І.Сакольскі, І.Галянеўскі), лацінскай (М.Карыцкі) мовах. Рысы К. з асобнымі элементамі сентыменталізму, рамантызму і рэалізму назіраліся ў беларускіх пісьменнікаў 19 ст. Я.Чачота, Я.Баршчэўскага, В.Дуніна-Марцінкевіча і інш.

Паведаміць пра недакладнасьць