Колас Якуб (1882-1956; сапраўд. Міцкевіч Канстанцін Міхайлавіч), беларускі пісьменнік, паэт. Заснавальнік (разам з Я.Купалам) новай беларускай літаратуры. Народны паэт Беларусі (1926). Акадэмік (1928), з 1929 - віцэ-прэзідэнт АН Беларусі. Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю (1902), настаўнічаў. Як удзельнік нелегальнага з'езда настаўнікаў (1906) быў асуджаны і 3 гады адбываў пакаранне ў менскім астрозе (1908-1911). Паэтычныя творы пачаў пісаць у 1898, друкаваўся з 1906. Першы зборнік паэзіі «Песні жальбы» выйшаў у 1910, зборнік прозы «Апавяданні» - у 1912. Асноўны змест яго твораў - жыццё і побыт, сацыяльны і нацыянальны прыгнёт беларускага народа, яго барацьба за свае правы, за лепшую будучыню. Творчай манеры К. ўласцівы глыбокі псіхалагізм, пейзажнае майстэрства, гармонія формы і зместу, яснасць, празрыстасць стылю, пастаноўка вострых актуальных праблем сучаснасці, філасофскі роздум над вечнымі праблемамі жыцця, услаўленне духоўнага багацця і маральнай прыгажосці чалавека. Эпічная паэма К. «Новая зямля» (апубл. 1923) з'яўляецца своеасаблівай энцыклапедыяй сялянскага жыцця, сапраўднай «народнай кнігай». У ёй паэт з вялікай сілай мастацкага майстэрства намаляваў шырокую панараму народнага жыцця, стварыў яркія характары галоўных персанажаў, уславіў чалавека-працаўніка, паказаў яго спрадвечныя мары аб волі і шчасці. У рамантычнай паэме «Сымон-музыка» (апубл. 1925) К. паказаў трагічную долю мастака з народа, разважаў над шляхамі развіцця нацыянальнага мастацтва. У ёй сцвярджалася думка пра непераможнасць, нескаронасць мастака, кроўна звязанага са сваім народам, з нацыянальнымі традыцыямі. Вострыя сацыяльныя і маральныя праблемы знайшлі адлюстраванне ў трылогіі «На ростанях» (1921-1954), аповесцях «На прасторах жыцця» (1926), «Дрыгва» (1933), няскончанай паэме «На шляхах волі» (1926-1956) і інш. У публіцыстычных творах К. адзначаў адметнаасць гістарычнага шляху Беларусі, што было абумоўлена знаходжаннем нашай Бацькаўшчыны на скрыжаванні розных культур, рэлігійных канфесій, геапалітычных памкненняў суседніх дзяржаў. З сярэдзіны 1980-х г. пачалі праводзіцца навуковыя чытанні, паводле якіх выдаецца зборнік «Каласавіны» (з 1986), прысвечаны жыццёваму і творчаму шляху К. Займаўся перакладамі літаратурных класікаў розных народаў свету (А.Пушкіна, Т.Шаўчэнкі, А.Міцкевіча і інш.). Вывучэннем жыцця і творчасці К. займаецца адна з галін беларускай літаратурнай навукі - коласазнаўства.

Паведаміць пра недакладнасьць