Крукоўскі Мікалай (н. 1924), беларускі філосаф, культуролаг. Доктар філасофскіх навук (1986), кандыдат філалагічных навук (1952), прафесар (1988). Скончыў БДУ (1950). З 1963 выкладаў у БДУ, з 1994 у Беларускім універсітэце культуры, адначасова з 1998 у Нацыянальным навукова-асветніцкім цэнтры імя Ф.Скарыны. Навуковыя працы па праблемах філасофіі, тэарэтычнай эстэтыкі, культуралогіі, станаўлення нацыянальнай самасвядомасці, узаемаадносін культуры і суверэнітэту народа. Лічыць, што культура ўяўляе сабой складаную і ў той жа час вельмі цэласную сістэму з выразнай іерархічнай будовай, у структуру якой уваходзяць матэрыяльная культура, мастацкая культура і культура духоўная. Аўтар манаграфій «Логіка прыгажосці» (1965), «Асноўныя эстэтычныя катэгорыі: Вопыт сістэматызацыі» (1974), «Кібернетыка і законы прыгажосці» (1977), «Homo pulcher - Чалавек прыгожы» (1983), «Філасофія культуры: Уводзіны ў тэарэтычную культуралогію» (2001) і інш.

Паведаміць пра недакладнасьць