Леанарда да Вінчы (1452-1519), італьянскі жывапісец, скульптар, архітэктар, вучоны, інжынер. З'яўляўся родапачынальнікам Высокага Адраджэння. Вакол Л.да В. склалася група вучняў і паслядоўнікаў (т.зв. «Ламбардская школа»). Спалучаючы распрацоўку новых сродкаў мастацкай мовы з тэарэтычнымі абагульненнямі, стварыў вобраз чалавека, які адпавядае гуманістычным ідэалам эпохі Адраджэння. Напісаў усяго каля 15 жывапісных работ, астатнія працы засталіся незавершанымі. Л. да В. распрацаваў своеасаблівы мастацкі прыём - «сфумата» (ад лац. sfumato - смуга), што дазваляла змякчаць абрысы, контуры розных прадметаў з дапамогай жывапіснага ўзнаўлення светлапаветранага асяроддзя. Найбольш яскрава гэты прыём выявіўся ў адным з яго самых вядомых твораў - «Мона Ліза» («Джаконда»; 1503), дзе напаўфантастычны пейзаж тонка гармануе з характарам і інтэлектам жанчыны. Яшчэ адным вышэйшым дасягненнем творчага генія Л. да В. з'яўляецца «Тайная вячэра» (1498) - вялізная фрэска трапезнай кляштара Санта-Марыя дэла Грацые ў Мілане. Быў вучнем вядомага мастака А.дэль Верок'ё, працаваў у яго майстэрні. У 1472 уступіў у гільдыю мастакоў. Л. да В. (сучаснікі называлі яго «геніем ад Бога») правёў даследаванні і зрабіў адкрыцці, якія намнога апярэдзілі свой час. Напр., распрацаваў праекты гідраканалаў і ірыгацыйных сістэм, металургічных пячэй, пракатных станаў, ткацкіх і друкарскіх станкоў, прадзільных і землярыйных машын, падводнай лодкі, танка, лятальных апаратаў, парашута, кулямёта, выбуховых прыстасаванняў, вадалазнага касцюма і інш. Ствараў планы «ідэальнага горада», займаўся тэхнічным канструяваннем, арганізоўваў незвычайныя прыдворныя святы, рабіў шматлікія малюнкі мельніц, эскізы касцюмаў, сцэнічныя дэкарацыі, праводзіў эксперыменты па выдаленню розных органаў у жывёл, даследаваў рух сокаў у раслін, упершыню падрабязна апісаў шэраг касцей і нерваў чалавека. Яму не было роўных у маляванні з натуры розных рэчаў са шматлікімі дэталямі. Быў добрым імправізатарам вершаў, сачыняў казкі пра жывёл, пісаў сатырычныя гісторыі, накіраваныя супраць манахаў і свяшчэннікаў. Наблізіўся да стварэння геліяцэнтрычнай сістэмы, аспрэчваў ідэю аб тым, што Зямля знаходзіцца ў цэнтры Сусвету. Леанарда ставіў навуковае пазнанне вышэй хрысціянскай веры, хаця верыў у Бога як стваральніка ўсяго Сусвету. Захаваліся запісныя кніжкі і рукапісы (каля 7 тыс. лістоў). Асоба Л. да В. - рэальнае ўвасабленне гуманістычнага ідэалу ўсебакова развітай асобы.

Паведаміць пра недакладнасьць