Лютэр Марцін (1483-1546), нямецкі рэлігійны дзеяч; заснавальнік руху Рэфармацыі. Вучыўся ў царкоўных школах, скончыў Эрфурцкі ўніверсітэт (1505) са ступенню магістра мастацтваў. Быў манахам-аўгусцінцам. Выкладаў багаслоўе ва ўніверсітэце горада Вітэнберг (у Саксоніі). У кастрычніку 1517 вывесіў на дзвярах Вітэнбергскай царквы 95 тэзісаў, у якіх рэзка выступіў супраць індульгенцый (даравання грахоў за пэўную грашовую плату) і права царквы на зямельныя багацці, адмаўляў неабходнасць царквы з яе іерархіяй і духавенствам, выступаў з патрабаваннямі «таннай царквы» (без раскошнага афармлення храмаў, абразоў, мошчаў). З сямі царкоўных таінстваў Л. прызнаваў толькі два - хрышчэнне і прычашчэнне. Пераклаў на саксонскі дыялект нямецкай мовы Біблію (з арыгінала на старагрэчаскай мове), што заклала асновы літаратурнай агульнанямецкай мовы і садзейнічала фармаванню адзінай нямецкай нацыі. Аўтар многіх артыкулаў і памфлетаў на рэлігійныя тэмы. І.В.Гётэ лічыў, што Л. сваёй дзейнасцю па сутнасці стварыў нямецкую нацыю. Ад імя Л. атрымала назву найбольш буйная з усіх плыняў пратэстантызму - лютэранства.

Паведаміць пра недакладнасьць