Мазаіка, выявы або ўзор, выкананыя з каляровых камянёў, смальты, керамічных плітак і інш.; разнавіднасць жывапісу, якая выкарыстоўваецца пераважна для ўпрыгожвання будынкаў. Вядома з антычнай эпохі. У адрозненне ад антычнасці (выраблялася з натуральных камянёў і ўпрыгожвала падлогу асобных будынкаў), у Сярэднявеччы яна размяшчалася ў прасценках і ў апсідзе (паўкруглы выступ цэнтральнага нефа базілікі) і выраблялася са смальты - г.зн. непразрыстага шкла. Сярэднявечная М. звычайна мела залаты колер і мігатлівую паверхню. М. і фрэскі ўпрыгожвалі таксама сцены імператарскіх палацаў і папскіх рэзідэнцый. На іх былі выяўлены біблейскія персанажы, рымскія імператары і палкаводцы, сярэднявечныя манархі. У Беларусі смальтавая М. вядома з 12 ст. (напр., аздабленне пабудоў Верхняга замка і храма-пахавальні Спаса-Ефрасінеўскага манастыра ў Полацку). Збераглася мазаіка пачатку 20 ст., з 1960-х г. шырока выкарыстоўваецца М. з розных матэрыялаў: у Менску інтэр'ер Палаца культуры тэкстыльшчыкаў (1963, Г.Вашчанка), кінатэатра «Партызан» (1967, М.Данцыг, Б.Няпомняшчы), афармленне станцый метрапалітэну «Маскоўская» і «Інстытут культуры», тарцы дамоў у Наваполацку, Берасці, Салігорску і інш.

Паведаміць пра недакладнасьць