Макаёнак Андрэй (1920-1982), беларускі драматург. Народны пісьменнік Беларусі (1977). Працаваў загадчыкам аддзела прозы часопіса «Вожык», літкансультантам Саюза пісьменнікаў Беларусі, галоўным рэдактарам часопіса «Нёман». Імкнуўся прывіць на беларускай сцэне новыя жанрава-камедыяграфічныя формы. Пісаў гумарэскі, фельетоны, нарысы. Як драматург выступіў у друку ў 1946 з аднаактовай п'есай «Добра, калі добра канчаецца». Значнай падзеяй у нацыянальнай драматургіі стала яго сатырычная камедыя «Выбачайце, калі ласка!» (паст. 1954), дзе востра крытыкаваліся заганныя метады кіраўніцтва народнай гаспадаркай, фармалізм, паказуха, казённае адміністраванне. У 1960-1970-я г. стварыў мноства твораў высокага мастацкага ўзроўню, сярод якіх камедыя «Лявоніха на арбіце» (1961, Літаратурная прэмія імя Я.Купалы 1962), палітычны памфлет «Зацюканы апостал» (паст. 1971), трагікамедыя «Трыбунал» (паст. 1970), камедыя-рэпартаж «Таблетку пад язык» (Дзяржаўная прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1974), сентыментальны фельетон «Верачка» (паст. 1979) і інш. Па сцэнарыях М. пастаўлены мастацкія фільмы «Шчасце трэба берагчы» (1958), «Кандрат Крапіва» (1961), «Рагаты бастыён» (1975), тэлефільм «Пасля кірмашу» (1973). Для яго творчай манеры ўласцівы пастаноўка вострых, актуальных праблем, грамадзянская смеласць, схільнасць да эксперыментатарства, упэўненасць, раскаванасць драматургічнага пісьма.

Паведаміць пра недакладнасьць