Мова, сродак абмену інфармацыяй у працэсе зносін паміж людзьмі; сістэма знакаў, якія з'яўляюцца абазначэннямі элементаў інфармацыі, што замацоўваюць вынікі пазнання. Служыць сродкам чалавечых зносін, мыслення, развіцця культуры і здольная выявіць усю сукупнасць ведаў, вераванняў і ўяўленняў чалавека аб свеце і аб сабе самім. Узнікае і існуе ў грамадстве для забеспячэння патрэб сувязі паміж яго сябрамі. Як феномен духоўнай культуры, М. у сваім гістарычным развіцці і функцыянаванні абумоўлена ўсёй сукупнасцю працэсаў матэрыяльнай і духоўнай вытворчасці, грамадскіх адносін людзей. Асноўныя функцыі М.: камунікатыўная (абмен інфармацыяй), кагнітыўная (пазнанне); рэгулятыўная (уздзеянне адрасанта на іншых людзей); намінатыўная (абазначэнне), эматыўная (выражэнне эмоцый); метамоўная (тлумачэнне незразумелых слоў і выказванняў); магічная (зварот адрасанта да вышэйшых сіл, напр., у малітвах) і інш. Формы М. - дыялект (як разнавіднасць М., сродак зносін людзей, звязаных цеснай тэрытарыяльнай, сацыяльнай ці прафесійнай агульнасцю) і літаратурная М., якая з'яўляецца паказчыкам развіцця і багацця культуры таго ці іншага этнаса.

Паведаміць пра недакладнасьць