Нацыя (ад лац. natio - народ, племя), устойлівая этнасацыяльная супольнасць людзей, якія пражываюць на адной тэрыторыі, звязаны агульным эканамічным і сацыяльна-палітычным жыццём, маюць адзіную культуру, мову і самасвядомасць. У працэсе гістарычнага развіцця прыходзіць на змену народнасці і ўяўляе сабой больш высокую ступень самаарганізацыі і кансалідацыі этнасу. Сучасныя Н. зараджаліся і фармаваліся з 15-17 ст. разам з развіццём і ўніверсалізацыяй капіталістычных адносін. Утварэнне адзінай нацыянальнай мовы і паглыбленне кансалідацыйных працэсаў у розных сферах жыцця садзейнічала складванню нацыянальнай культуры, фармаванню асаблівасцей нацыянальнага характару і менталітэту, узнікненню нацыянальнай самасвядомасці. У Эўропе нацыянальныя дзяржавы склаліся на аснове аб'яднання этнічных груп (немцы, італьянцы) або іх выдзялення з поліэтнічных імперый (Аўстра-Вугорская, Атаманская, Расейская). Некаторыя нацыі ўзніклі ў выніку трансфармацыі адной народнасці, другія - шляхам аб'яднання ў нацыю шэрагу блізкіх па мове і культуры народнасцей. Фармаванне беларускай Н. адбывалася ў 19 - пачатку 20 ст. на аснове адзінства эканамічнага жыцця беларусаў, беларускай літаратурнай мовы, тэрыторыі, культуры, а таксама актывізацыі працэсу нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва - абвяшчэнне БНР (1918), утварэнне БССР (1919). У 1939 з уз'яднаннем Заходняй Беларусі з БССР была завершана тэрытарыяльная кансалідацыя беларускай Н. Пасля стварэння ў 1990 незалежнай Рэспублікі Беларусь далейшае паглыбленне працэсу кансалідацыі беларускай Н. адбываецца на аснове дэмакратычных і нацыянальна-культурных каштоўнасцей, выкарыстання сваёй гісторыка-культурнай спадчыны, дасягненняў іншых культур і народаў, развіцця беларускай дзяржавы як раўнапраўнага сябра эўрапейскай і агульначалавечай супольнасці.

Паведаміць пра недакладнасьць