Неафрэйдызм, кірунак у замежнай (пераважна амерыканскай) філасофіі і псіхалогіі, які ў канцы 1930-х г. вылучыўся з артадаксальнага фрэйдызму. Сфармаваўся ў працэсе спалучэння псіхааналізу з амерыканскімі сацыялагічнымі і этналагічнымі канцэпцыямі (напр., школай культурнай антрапалогіі). Яго асноўныя прадстаўнікі - К.Хорні, Г.Саліван, Э.Фром і інш. Зыходным палажэннем Н. быў прынцып сацыяльнага (Э.Фром) або культурнага (А.Кардынер) дэтэрмінізму, які, у адрозненне ад біялагізму З.Фрэйда, сыходзіў з вырашальнай ролі асяроддзя ў фармаванні асобы. Найбольшая ўвага ў Н. звяртаецца не на ўнутрыпсіхічныя працэсы, а на міжасабовыя адносіны; адхіляецца вучэнне аб сублімацыі, а роля неўсвядомленага адмаўляецца ці разглядаецца як звязуючае звяно паміж сацыяльнымі і псіхічнымі структурамі («сацыяльнае неўсвядомленае» Э.Фрома). У працах М.Мід, А.Кардынера Н. аб'ядноўваецца з культурантрапалогіяй, што нярэдка прыводзіць да ідэй рэлятывізму культурнага, псіхалагічнай несувымернасці асобных культур.

Паведаміць пра недакладнасьць