Но (ногаку; літар. «уменне, майстэрства»), адзін з жанраў традыцыйнага тэатра Японіі. Склаўся ў 14-15 ст. Уключае музыку, танец, спевы, драму. Для Н. характэрны надзвычай простыя дэкарацыі (звычайна стылізаваная сасна як сімвал даўгалецця); ігра акцёраў у масках (якія адлюстроўваюць псіхалагічны стан персанажа) і ў традыцыйным адзенні мінулых часоў; сюжэты пастановак звязаны з гістарычнымі падзеямі старажытнай Японіі. Галоўная задача акцёраў - выклікаць адваротнае «суперажыванне» гледачоў, нібы «ўцягнуць» іх у працэс тэатральнага дзеяння. Звычайна спектакль у тэатры Н. працягваецца каля шасці гадзін і складаецца з пяці асобных п'ес (пра багоў, самурая, жанчыну, злога чалавека, злога духа). У сучасны перыяд існуюць пяць розных школ тэатра Н. (у мінулым было яшчэ больш). У традыцыйным рэпертуары Н. - каля 200 п'ес. На развіццё Н. аказаў прыкметны ўплыў дзэн-будызм.

Паведаміць пра недакладнасьць