Райт Франк Лойд (1867-1959), амерыканскі архітэктар, заснавальнік т.зв. «арганічнай архітэктуры». Вучыўся ў Віскансінскім універсітэце. Працаваў у архітэктурнай кампаніі, у 1893 адкрыў уласную майстэрню ў Чыкага. Спраектаваў 800 і пабудаваў каля 400 будынкаў. Ствараў праекты «дамоў прэрый». Разглядаў будынак як арганізм з адзінай прасторай, якая свабодна развіваецца і звязаная з прыродным асяроддзем. Пабудовам Р. (напр., музей Гугенхайма ў Нью-Ёрку, 1956-1959) уласцівы індывідуальнасць і пластычнасць вобліку. Імкнуўся да стварэння гарманічных элементаў архітэктурнай кампазіцыі, да дасягнення сувязі паміж будынкам і навакольным асяроддзем. Займаўся пераважна праектаваннем жылых пабудоў. Чытаў публічныя лекцыі, пісаў шмат артыкулаў па архітэктуры. Аўтар мастацтвазнаўчых кніг «Будучыня архітэктуры» (1953), «Натуральны дом» (1954), а таксама «Аўтабіяграфіі» (1932).

Паведаміць пра недакладнасьць