Раманскі стыль (ад лац. romanus - рымскі), стыль сярэднявечнага мастацтва. Склаўся і быў распаўсюджаны ў 10-13 ст. пад уплывам традыцый старажытна-рымскага і візантыйскага мастацтва. Архітэктура Р.с. вызначалася дакладнасцю форм, суровай мужнай прыгажосцю, унушальнасцю памераў і ўрачыстай сілай. Найбольш вядомымі помнікамі раманскай архітэктуры былі царква ў Клюні (11 ст.), царква Нотр Дам дзю Пор у Клермон-Феране (12 ст.), знакаміты саборны ансамбль у Пізе (12-14 ст.). Для выяўленчага мастацтва Р.с. былі характэрны прыкметны схематызм, сімвалічная абагульненасць, напружаная духоўная выразнасць, імкненне да выяўлення розных фантастычных істот і інш. Большасць скульптурных і жывапісных твораў раскрывала біблейскія сюжэты (найперш сцэны Страшнага Суда), паказвала Ісуса Хрыста, святых, ілюстравала падзеі старажытнай гісторыі. Асноўным відам жывапіснай тэхнікі была фрэска, хаця пачынаў распаўсюджвацца вітраж. У Беларусі рысы архітэктуры Р.с. ўзніклі ў 13-14 ст. - Камянецкая вежа, Наваградскі замак, Лідскі замак, Крэўскі замак. Для збудаванняў былі ўласцівы манументальнасць, масіўнасць канструкцый, аздабленне абстрактна-геаметрычным арнаментам і скульптурай з умоўнай трактоўкай фігур у спалучэнні з павышанай экспрэсіяй.

Паведаміць пра недакладнасьць