Рубенс Пітэр Паўэл (1577-1640), нідэрландскі жывапісец, малявальшчык. Бываў у Італіі, дзе сур'ёзна вывучаў творчасць Мікеланджэла, іншых італьянскіх жывапісцаў. Створаныя ім манументальныя рэлігійныя кампазіцыі («Зняцце з Крыжа», каля 1611-1614 і інш.) вызначаюцца характэрнымі для жывапісу барока тэатральнасцю кампазіцыі, драматызмам, бурным, імклівым рухам, яркімі каляровымі кантрастамі. Нярэдка звяртаўся да сюжэтаў з Бібліі і антычнай міфалогіі, прычым у сваіх творах услаўляў каханне, паўнакроўную прыгажосць аголенага чалавечага цела, пачуццёвую радасць зямнога быцця («Саюз Зямлі і Вады», каля 1618). Надзвычайнай віртуёзнасцю і лірычнасцю адзначаны яго т.зв. «інтымныя партрэты» (у т.л «Партрэт камерысткі інфанты Ізабелы», каля 1625), дзе ён з дапамогай празрыстых каляровых пераходаў і мяккіх рэфлексаў перадаў паэтычную абаяльнасць і трапяткую жыццёвасць мадэлі. Істотнае месца ў творчасці Р. займалі пейзажныя творы, якія прасякнуты адчуваннем стыхійных сіл прыроды або, наадварот, паэзіяй мірнага быцця («Возчыкі камянёў», каля 1620; «Пейзаж з вясёлкай», каля 1632). Яго па праву называюць «вялікім кампазітарам колеру». Жывапісу Р. ўласцівы ўпэўненая свабодная манера, выразная пластычная лепка, тонкасць каляровых градацый.

Паведаміць пра недакладнасьць