Галоўная старонка Навіны Пра праект Кантакт Спасылкі Кнігі ў PDF/DJVU Канвэртар лацінкі Бібліяграфія
Шукаць:    
 
 толькі ў назьве   шукаць ва ўсіх    віртуальная клявіятура Уставіць беларускае "і" Уставіць у-кароткае (ў)
 
 
 

Рэфармацыя (ад лац. reformatio - пераўтварэнне), рэлігійна-ідэалагічны і сацыяльна-палітычны рух, які пачаўся ў першай чвэрці 16 ст. у Германіі і быў накіраваны на пераўтварэнне, выпраўленне хрысціянскай рэлігіі. Храналагічна супала з апошнім этапам Адраджэння - з т.зв. «Высокім Адраджэннем». Мела антыфеадальны, антыкаталіцкі накірунак і была абумоўлена незадаволенасцю ўсёўладдзем, раскошай, інтрыгамі рымскіх пап і іншых прадстаўнікоў каталіцкага духавенства. Пачатак рэфармацыйнаму руху паклаў М.Лютэр у 1517. Ідэолагі Р. фактычна адмаўлялі неабходнасць царквы з яе іерархіяй і духавенствам, выступалі з патрабаваннямі «таннай царквы» (без раскошнага афармлення храмаў, абразоў, мошчаў) і пераводу Бібліі і богаслужэння на нацыянальныя мовы, выказваліся супраць права царквы на зямельныя багацці і на выдачу індульгендый і інш. Найбольш прыкметны вынік Р. - узнікненне трэцяй разнавіднасці хрысціянскага веравызнання - пратэстантызму. З 16-17 ст. у выніку Р. Эўропа ў рэлігійных адносінах аказалася падзеленай на дзве буйныя часткі: на поўначы эўрапейскага кантыненту (Англія, Нідэрланды, Швейцарыя, скандынаўскія краіны) пачаў дамінаваць пратэстантызм, у той час як у іншых краінах па-ранейшаму захоўваўся каталіцызм (Італія, Гішпанія, Францыя, Польшча). Каталіцкая царква рэзка адмоўна ставілася да рэфармацыйнага руху і ў якасці своеасаблівага адказу на яго шырока разгарнула ў сярэдзіне 16 ст. Контррэфармацыю.

У Беларусі Р. прайшла этапы фармаваня і ўздыму, размежавання на некалькі сацыяльна-палітычных і рэлігійна-тэалагічных кірункаў, звужэння яе сацыяльнай базы і паступовага заняпаду. У сярэдзіне 16 ст. пачалі ўзнікаць пратэстанцкія абшчыны ў розных гарадах (Нясвіж, Берасце, Клецак, Койданава, Наваградак і інш.). Найбольшае пашырэнне атрымала такая плынь пратэстантызму, як кальвінізм (яго прынялі буйныя беларускія землеўласнікі Радзівілы, Сапегі, Хадкевічы, Кішкі). У 1560-я г. на аснове ўключэння ў рух Р. сярэдніх і ніжэйшых слаёў насельніцтва сфармаваўся т.зв. «антытрынітарызм» - радыкальны кірунак у пратэстантызме, які звязваў Р. з сацыяльнымі пераўтварэннямі ў грамадстве. Рэфармацыйны рух садзейнічаў развіццю рэненсансава-гуманістычных і рацыяналістычных тэндэнцый, станаўленню новых, секулярызаваных форм культуры, пашырэнню міжнародных культурных сувязей і кантактаў.

Культуралогія   Культуралогія
Галоўная старонка   Галоўная старонка
Даслаць ліст адміністратару Заўважылі недакладнасьць?
Паведаміце нам!
    (с) Электронная Энцыкляпэдыя, 2003-2019