Славянафільства, кірунак расейскай грамадскай думкі, для якога былі характэрны пратэст супраць пераймання элементаў культуры і палітычнага ладу Захаду, прапаганда тэорыі нацыянальнай самабытнасці, асаблівага гісторыка-культурнага і духоўнага шляху Расеі. Склалася пад уплывам філасофскіх сістэм Ф.Шэлінга і Г.Гегеля, урадавай тэорыі «афіцыйнай народнасці» С.Уварава, а таксама ідэй усходніх містыкаў. Сфармулявана ў 1840-х г. І.Кірэеўскім, А.Хамяковым, К.Аксакавым, пазней развіта К.Лявонцьевым. Яны лічылі, што Расейская імперыя з часоў Пятра І пайшла па няправільным шляху, які прывёў яе да крызісу. Прадстаўнікі С. адстойвалі асобую культурную місію Расеі ў суветнай гісторыі, што праявілася ў адсутнасці тут класавай барацьбы, дамінаванні абшчыннай гаспадаркі і ўкладу жыцця, праваслаўя як адзіна вернай рэлігіі. Паводле С., эўрапейская культура пайшла па «разумоваму» шляху і таму апынулася ў стане ўнутранага разладу, а Ўсход (найперш Расея) ідзе «цэласным» шляхам пазнання і таму мае шанцы дасягнуць сапраўднага пранікнення ў таямніцы веры і жыцця. Ідэі С. выявіліся ў розных творах мастацтва і літаратуры.

Паведаміць пра недакладнасьць