«Слова пра паход Ігаравы», помнік старажытнай усходнеславянскай літаратуры; ліраэпічны твор, напісаны рытмізаванай прозай. Створаны, верагодна, у 1185-1187 у Кіеве. Магчыма, яго аўтар быў выхадцам з Беларусі. У творы расказваецца пра няўдалы паход на полаўцаў у 1185 ноўгарад-северскага князя Ігара. Аўтар выступае за адзінства і згоду ўсіх князёў і ўсіх жыхароў старажытнай Русі. Значная ўвага надаецца тут Полацку і яго мінуламу, а полацкі князь Усяслаў Брачыслававіч у духу вусна-паэтычных народных традыцый намаляваны мудрым валадаром, князем-чарадзеем. Як жорсткае пабоішча апісана таксама бітва на р. Няміга ў 1067 каля Менска. Твор багаты язычніцкай сімволікай, вобразамі славянскай міфалогіі. Высокая мастацкая дасканаласць і самабытнасць паэмы, музычнасць паэтычнай формы, пафас і ўзнёсласць, змястоўнасць і праўдзівасць, глыбіня думкі і лірызм робяць «Слова» шэдэўрам сусветнага значэння. Знойдзены ў пачатку 1790-х г. у рукапісе 16 ст. Упершыню апублікаваны ў 1800. Спарадзіла дзесяткі паэтычных пералажэнняў, выяўленчых і музычных інтэрпрэтацый. Першы поўны пераклад «Слова...» на беларускую мову належыць Я.Купалу (вершаваны 1919, празаічны 1921).

Паведаміць пра недакладнасьць