Талерантнасць (ад лац. tolerantia - цярпенне),

1) цярпімасць асобнага індывіда ці якой-небудзь супольнасці людзей да прадстаўнікоў іншых канфесій, палітычных партый, грамадскіх арганізацый, этнасацыяльных груп, а таксама да іншадумства, чужых поглядаў, вераванняў, паводзін, да крытыкі іншымі індывідамі сваіх ідэй, пазіцый і дзеянняў і да т.п. Звычайна складваецца на працягу многіх гадоў у працэсе сацыялізацыі асобы пад уплывам сацыяльных фактараў, грамадска-палітычных працэсаў, асаблівасцей этнакультурнага развіцця, канфесійнай сітуацыі і г.д. Вызначаецца здольнасцю адначасова адзначаць як станоўчыя, так і адмоўныя бакі псіхалогіі, паводзін чалавека або груп людзей. З'яўляецца важнай прыкметай агульнай і палітычнай культуры, неабходным элементам грамадзянскай супольнасці і прававой дзяржавы, сапраўднай дэмакратыі і гуманізму, ідэалагічнага і палітычнага плюралізму. Т. варта разглядаць як неабходную ўмову паспяховага вырашэння разнастайных асабістых і грамадскіх праблем не на шляхах абвастрэння існуючых супрацьлегласцей, непаразуменняў, а на шляхах узаемнага ўліку інтарэсаў, пошуку згоды і магчымых кампрамісаў. Праявы неталерантных адносін найчасцей выкліканы неспрыяльнымі сацыяльна-эканамічнымі, грамадска-палітычнымі абставінамі, пагаршэннем умоў для ўсебаковага развіцця нацыянальных культур і моў. Тыповым прыкладам недастатковай Т. можа лічыцца непрыняцце пэўных ідэй, меркаванняў толькі таму, што яны прапанаваны непрафесіяналамі. У палітыцы Т. азначае дапушчэнне і цярпімае стаўленне да апазіцыі. Для ментальнасці і нацыянальнага характару беларусаў у мінулым і ў сучасны перыяд былі ўласцівы этнакультурная і рэлігійная Т., аб чым сведчаць адсутнасць на беларускіх землях вострых, крывавых канфліктаў на этнічнай і канфесійнай глебе, працяглае мірнае суіснаванне нацыянальных супольнасцей, канфесій, плённае ўзаемадзеянне розных народных традыцый, звычаяў, абрадаў і інш.

2) Здольнасць арганізма адносна працяглы час пераносіць адмоўнае, неспрыяльнае ўздзеянне таго ці іншага фактару асяроддзя без відавочнага зніжэння адаптыўных здольнасцей. Праяўляецца ў адсутнасці ці аслабленні рэагавання на які-небудзь неспрыяльны фактар у выніку зніжэння адчувальнасці да яго ўздзеяння.

Паведаміць пра недакладнасьць