Таркоўскі Андрэй Арсеньевіч (1932-1986), расейскі кінарэжысёр, сцэнарыст, акцёр, мастак. Сын вядомага расейскага паэта А.Таркоўскага. Народны артыст РСФСР (1980). Лаўрэат італьянскай прэміі «Давід і Данатэла» (1980) у намінацыі «За ўклад у кінамастацтва» за рэтраспктыву фільмаў. Вучыўся ў Маскоўскім інстытуце ўсходазнаўства, працаваў у геалагічных партыях. Скончыў рэжысёрскі факультэт Усесаюзнага дзяржаўнага інстытута кінематаграфіі (1960). Дыпломная работа Т. - кароткаметражны фільм «Каток і скрыпка» атрымала галоўны прыз фестывалю студэнцкіх фільмаў у Нью-Ёрку (1961). З 1961 рэжысёр на кінастудыі «Масфільм». У 1982 выехаў у Італію, дзе ў працэсе пошукаў натуры для новага фільма зняў дакументальную стужку «Час падарожжа» (1982). Атрымаў шырокае міжнароднае прызнанне ўжо першы поўнаметражны фільм Т. «Іванава дзяцінства» (1962). Пазней ствараў арыгінальныя па форме і зместу кінатворы - «Страсці па Андрэю» (1966; выйшаў у свет у 1971 пад назвай «Андрэй Рублёў»), «Салярыс» (1972), «Люстэрка» (1975), «Сталкер» (1980), «Настальгія» (1983, Італія), «Ахвярапрынашэнне» (1986, Швецыя). У 1977 паставіў «Гамлета» ў Маскоўскім Тэатры імя Ленінскага камсамола, а ў 1983 - оперу «Барыс Гадуноў» у тэатры «Ковент-Гардэн» (Лондан). Як акцёр зняўся ў фільмах «Мне дваццаць гадоў» («Застава Ільіча», 1964), «Сяргей Лазо» (1967). Стварыў наватарскую кінамову, для якой характэрны метафарычнасць, ускладненая сімвалічнасць, абвостраная ўвага да прыродных з'яў, стыхій. Для творчай манеры Т. ўласцівы складанасць вобразнага вырашэння, схільнасць да асэнсавання філасофскіх і маральна-этычных праблем, своеасаблівая дакументальнасць і паэтычнасць, адухоўленасць мастацкай атмасферы фільма, эмацыянальнасць і да т.п.

Паведаміць пра недакладнасьць