Трагікамедыя, драматычны твор, які валодае прыкметамі як камедыі, так і трагедыі. У аснове Т. ляжыць адчуванне адноснасці існуючых крытэрыяў жыцця; адну і тую ж з'яву драматург бачыць як у камічным, так і трагічным асвятленні. Трагікамічны эфект заснаваны на неадпаведнасці героя сітуацыі, унутранай нявырашанасці канфлікту (сюжэт нібы прадугледжвае працяг дзеяння), спачуванне аднаму персанажу часам супярэчыць спачуванню другому, а пазіцыя аўтара пры гэтым не дэкларуецца. Характэрна для драматургіі 20 ст. (напр., «Шэсць персанажаў у пошуках аўтара» Л.Пірандэла і інш.). У Беларусі першыя творы трагікамічнага накірунку вядомы з сярэдзіны 18 ст. («Уваскрэсенне мёртвых...» Г.Каніскага і інш.). У пачатку 20 ст. трагікамічныя калізіі разглядалі ў творах А.Паўловіча («Васількі»), М.Гарэцкага («Жартаўлівы Пісарэвіч»), Я.Купалы («Тутэйшыя») і інш. Значны ўклад у распрацоўку жанру Т. унёс А.Макаёнак, які знаходзіў арыгінальныя спалучэнні сферы трагічнага і камічнага з сатырычна-гратэскавым («Зацюканы апостал», «Трыбунал», «Пагарэльцы», «Дыхайце эканомна!..» і інш.).

Паведаміць пра недакладнасьць