Тураў Віктар (1936-1996), беларускі рэжысёр, сцэнарыст. Народны артыст Беларусі (1979), народны артыст СССР (1986). Скончыў рэжысёрскі факультэт Усесаюзнага дзяржаўнага інстытута кінематаграфіі (1961, майстэрня А.Даўжэнкі і М.Чыаўрэлі). З 1959 рэжысёр кінастудыі «Беларусьфільм». Выкладаў у Беларускай акадэміі мастацтваў. У 1976-1981 першы сакратар праўлення Саюза кінематаграфістаў Беларусі. Этапнымі работамі Т. сталі экранізацыі «Палескай хронікі» І.Мележа («Людзі на балоце», 1982; Дзяржаўная прэмія СССР 1984; «Подых навальніцы» (1983), тэлефільм паводле апавядання І.Тургенева «Жыццё і смерць двараніна Чартапханава». Сярод іншых фільмаў, прысвечаных тэме вайны і гісторыі, - «Я родам з дзяцінства» (1966), «Сыны ідуць у бой» (1969), «Пераправа» (1987), «Чорны бусел» (1993), «Шляхціц Завальня, ці Беларусь у фантастычных расказах» (1994) і інш. Яго мастацкія стужкі неаднаразова атрымлівалі ўзнагароды на ўсесаюзных і замежных кінафестывалях. Называўся сярод сотні лепшых кінарэжысёраў свету. Творчай манеры Т. ўласцівы эпічная глыбіня, востры драматызм у спалучэнні з лірычнымі інтанацыямі, імкненне да разнастайнасці жанраў.

Паведаміць пра недакладнасьць