Фальклор (стараангл. folklore - народная мудрасць), прынятая ў міжнароднай навуковай тэрміналогіі назва вуснай народнай творчасці. Уяўляе сабой мастацкую калектыўную дзейнасць народа, у якой адлюстроўваюцца яго жыццё, погляды, ідэалы. Падзяляецца на паэзію (песні, паданні, эпас, казкі), музыку (песні, інструментальныя найгрышы, п'есы), тэатр (драмы, сатырычныя п'есы, тэатр лялек), танец, выяўленчае і дэкаратыўнае мастацтва. Зарадзіўся ў старажытнасці, быў цесна звязаны з традыцыямі гаспадарчага жыцця, пэўных відаў мастацкай дзейнасці. З'яўляецца гістарычнай асновай сусветнай мастацкай культуры. Першапачаткова Ф. азначаў усе галіны духоўнай, а часам і матэрыяльнай культуры народа. Найбольш пашыраным з'яўляецца разуменне Ф. як комплексу вербальных (слоўных), музычных, гульнёвых, драматычных і харэаграфічных відаў народнай творчасці. У фальклорных творах выяўляюцца адметныя рысы гісторыі, псіхалогіі, ментальнасці, побыту розных народаў свету. Музычны Ф. уключае ў сябе песенную і інструментальную творчасць народа. Беларускі Ф. з'яўляецца адным з самых багатых у Эўропе (а можа быць, нават і ва ўсім свеце). Пра такое яго надзвычайнае багацце сведчыць шматтомнае выданне фальклорных твораў - ужо выйшла каля 50 тамоў, працягваюць рыхтавацца да друку новыя зборнікі.

Паведаміць пра недакладнасьць