Феліні Федэрыка (1920-1993), італьянскі кінарэжысёр, сцэнарыст. Як аўтар сюжэтаў і сцэнарыяў працуе ў кіно з 1942. Выкарыстоўваючы традыцыі неарэалізму, стварыў уласны яркі кінематаграфічны стыль, які паэтычна пераўтвараў рэчаіснасць і ўключаў у сябе сплаў трагікамічных, карнавальных і феерычных элементаў («Белы шэйх», 1952; «Дарога», 1954; «Ночы Кабірыі», 1957; «Салодкае жыццё», 1959, і інш.). Наватарскі фільм «Восем з паловай» аб'ядноўвае ў адзіным патоку вобразы рэальнага свету і суб'ектыўнае бачанне герояў. Разважанням пра гістарычныя лёсы Італіі і асаблівасці нацыянальнага менталітэту прысвечаны фільмы «Рым» (1972), «Амаркорд» (1974), «Рэпетыцыя аркестра» (1979), «Інтэрв'ю» (1987), «Голас Месяца» (1991). Творчай манеры Ф. ўласцівы псіхалагічная выразнасць, нярэдка ўскладнёнасць формы і сюжэтных ліній, пастаноўка вострых сацыяльных праблем, наяўнасць аўтабіяграфічных матываў і інш. Работы Ф. атрымалі мноства найбольш прэстыжных кінапрэмій, у т.л. і «Оскар».

Паведаміць пра недакладнасьць