Фенаменалогія (грэч.; літар. - вучэнне аб феноменах),

1) у шырокім сэнсе - філасофскае вучэнне пра з'явы свядомасці; у вузкім - кірунак у філасофіі 20 ст. У гісторыі філасофіі паняцце Ф. атрымала шэраг трактовак. Упершыню гэты тэрмін прымяніў І.Г.Ламберт, які бачыў у ёй вучэнне аб з'явах як аснове і перадумовах вопытнага пазнання. У філасофіі Г.Гегеля (яго праца «Фенаменалогія духа») Ф. разглядалася як вучэнне аб станаўленні навукі, аб развіцці гістарычных форм свядомасці, духу.

2) Філасофская плынь, прынцыпы якой у пачатку 20 ст. сфармуляваў Э.Гусерль. Ён вызначаў Ф. як своеасаблівую навуку аб спасціжэнні ўніверсальных, апрыёрных, надгістарычных структур чыстай свядомасці, ідэальных сутнасцей - феноменаў. Дасягнуць гэтай мэты можна з дапамогай т.зв. «фенаменалагічнай рэдукцыі», сутнасць якой заключаецца ва ўстрыманні ад любых меркаванняў аб аб'ектыўным існаванні быцця, яго прасторава-часавай арганізацыі. З'явілася адным з вытокаў экзістэнцыялізму і іншых плыняў сучаснай філасофіі.

Паведаміць пра недакладнасьць