Філасофія (ад грэч. phileo - люблю + sophia - мудрасць), навука аб найбольш агульных законах развіцця прыроды, чалавечага грамадства і мыслення; светапогляд, сістэма ідэй, поглядаў на свет і на месца чалавека ў ім. Дазваляе стварыць гранічна абагульненую карціну рэчаіснасці, ролі і месца ў ёй чалавека з яго разнастайнымі патрэбнасцямі, інтарэсамі, ідэаламі, каштоўнаснымі арыентацыямі. Даследуе пазнавальныя, сацыяльна-палітычныя, каштоўнасныя, этычныя і эстэтычныя адносіны чалавека да свету. У вырашэнні розных філасофскіх праблем выдзеліліся такія супрацьстаячыя адзін аднаму напрамкі, як дыялектыка і метафізіка, рацыяналізм і эмпірызм (сенсуалізм), матэрыялізм (рэалізм) і ідэалізм, натуралізм і спірытуалізм і інш. Сярод галоўных функцый Ф. вылучаюць светапоглядную, гнасеалагічную і метадалагічную, г.зн. Ф. выступае ў ролі сістэмы агульных уяўленняў чалавека пра свет і сваё месца ў ім (светапогляд), тэорыі пазнання (гнасеалогія), вучэння пра метады (метадалогія). Асноўныя раздзелы Ф.: анталогія (вучэнне аб быцці), гнасеалогія, логіка, этыка, эстэтыка. Да філасофска-светапоглядных дысцыплін адносяць аксіялогію, філасофію гісторыі, філасофію культуры, гісторыю філасофіі, сацыяльную філасофію, Ф. права, Ф.навукі, Ф.рэлігіі і інш. Гістарычныя формы Ф.: філасофскія вучэнні Старажытнай Індыі (джайнізм, будызм і інш.), Кітая (канфуцыянства, даасізм, легізм), Эгіпта; антычная Ф. (Геракліт, Сакрат, Дэмакрыт, Эпікур, Платон, Арыстоцель і інш.); сярэднявечная Ф. (патрыстыка і схаластыка); Ф. эпохі Адраджэння (Г.Галілей, М.Кузанскі, Дж.Бруна); Ф. новага часу (Ф.Бэкан, Р.Дэкарт, Т.Гобс, Б.Спіноза, Дж.Лок і інш.); французскі матэрыялізм 18 ст. (Д.Дзідро, К.Гельвецый, П.Гольбах); нямецкая класічная філасофія (І.Кант, І.Г.Фіхтэ, Ф.Шэлінг, Г.Гегель); Ф. марксізма (К.Маркс, Ф.Энгельс, У.Ленін); расейская рэлігійная філасофія 19-20 ст. (У.Салаўёў, С.Булгакаў, П.Фларэнскі, М.Бярдзяеў і інш.); Ф. расейскага касмізму (М.Фёдараў, К.Цыялкоўскі, У.Вярнадскі) і да т.п. Асноўныя кірункі Ф. 20 ст. - неапазітывізм, прагматызм, экзістэнцыялізм, персаналізм, фенаменалогія, неатамізм, аналітычная філасофія, філасофская антрапалогія, філасофія жыцця, структуралізм, філасофская герменеўтыка. Асноўныя тэндэнцыі сучаснай Ф. звязаны з асэнсаваннем такіх фундаментальных праблем, як свет і месца ў ім чалавека, прырода чалавечага пазнання, быццё і мова, лёсы сучаснай цывілізацыі, разнастайнасць і адзінства культуры.

Паведаміць пра недакладнасьць