Шаляпін Фёдар Іванавіч (1873-1938), расейскі спявак (бас-барытон). Нарадзіўся ў сялянскай сям'і ў Вяцкай губерні. Не атрымаў закончанай музычнай адукацыі. Быў пеўчым, харыстам трупы Сямёнава-Самарскага ва Ўфе. У 17 гадоў выпадкова стаў салістам, таму што прыйшлося замяніць захварэўшага артыста ў оперы С.Манюшкі «Галька». З 1895 выступаў на сцэне Марыінскага тэатра ў Санкт-Пецярбургу, дзе выконваў партыі Мефістофеля, Руслана. Быў салістам Імператарскай расейскай оперы ў Маскве. У 1901 упершыню выступіў у тэатры «Ла-Скала», а ў 1907 - у «Метраполітэн-опера» (Нью-Ёрк). У 1922 вымушаны быў пакінуць Расею і пасяліцца ў Парыжы. Сусветную вядомасць прынесла Ш. выкананне галоўнай партыі ў оперы М.Мусаргскага «Барыс Гадуноў». Сярод іншых оперных пастановак, дзе яскрава выявіўся надзвычайны талент Ш.-спевака, - «Князь Ігар» А.Барадзіна, «Пскавіцянка» М.Рымскага-Корсакава, «Русалка» Даргамыжскага і інш. Паспяхова выконваў розныя басовыя партыі ў расейскіх, італьянскіх і французскіх операх. З поспехам выконваў таксама расейскія народныя песні, рамансы (напр., «Эй, ухнем», «Вочы чорныя», «Дубінушка» і інш.). Валодаў надзвычай моцным, глыбока-эмацыйным голасам прыгожага тэмбру, а таксама яркім талентам драматычнага акцёра.

Паведаміць пра недакладнасьць