Штодзённая культура, сукупнасць нормаў, звычаяў, стэрэатыпаў паводзін, якімі кіруецца чалавек у сваёй штодзённай жыццядзейнасці. Уяўляе сабой культуру, якая не атрымала інстытуцыянальнага замацавання і выяўляецца ў агульназразумелых і агульнадаступных ведах, навыках, стэрэатыпах паводзін. Сфера Ш.к. ахоплівае нязначны аб'ём свету (мікрасвет) і абмежавана сваім домам, вуліцай, раёнам, горадам, школай, міжасабовымі адносінамі і да т.п. Чалавек засвойвае яе з ранняга дзяцінства, у сям'і, у зносінах з сябрамі, сваякамі, праз навучанне і выхаванне ў школе, інстытуце, праз сродкі масавай інфармацыі і інш. Праблемы Ш.к. даследавалі многія філосафы, сацыёлагі, гісторыкі, літаратуразнаўцы - У.Джэмс, Л.Вітгенштэйн, М.Вебер, М.Бахцін, А.Гурэвіч, Ю.Лотман і інш.

Паведаміць пра недакладнасьць