Шылер Фрыдрых (1759-1805), нямецкі паэт, драматург. Вучыўся ў ваеннай акадэміі. Вывучаў медыцыну, працаваў лекарам. У сваіх ранніх п'есах выступаў супраць дэспатызму і саслоўных забабонаў. Напр., эпіграфам да яго драмы «Злодзеі» (1781) стаў заклік «Супраць тыранаў!». У 1780-я г. пачаўся яго пераход на пазіцыі ідэалістычнага, «чыстага мастацтва», у рэчышчы якога асноўным спосабам дасягнення справядлівага грамадскага ладу лічылася эстэтычнае выхаванне, а задача культуры бачылася ў прымірэнні разумнай і пачуццёвай прыроды чалавека. Сярод найбольш вядомых твораў Ш. - трагедыі і драмы «Дон Карлас» (1783-1787), «Марыя Сцюарт» (1801), «Арлеанская дзева» (1801), «Вільгельм Тэль» (1804) і інш. Аўтар многіх лірычных твораў, якія спалучаюць рамантычны пафас і класічную стройнасць, а таксама мастацкай прозы, публіцыстыкі, гістарычных і эстэтычных прац («Лісты аб эстэтычным выхаванні чалавека», 1795; «Аб наіўнай і сентыментальнай паэзіі», 1795-1796, і інш.), у якіх сцвярджаў веру ў прагрэс, выратавальную ролю прыгожага ў развіцці грамадства.

Паведаміць пра недакладнасьць