Эпас (ад грэч. epos - слова, расказ, песня), адзін з трох асноўных родаў мастацкай літаратуры (разам з лірыкай, драмай). Асноўныя празаічныя жанры Э. - раман, аповесць, апавяданне. Гераічны Э. уяўляе сабой гераічнае апавяданне пра мінулае, якое аднаўляе цэласную карціну найбольш важных падзей народнага жыцця. Узнікае ў фальклоры (казка, эпапея, гістарычная песня, быліна). Да 18 ст. вядучы жанр літаратурнага Э. - эпічная паэма, якая вызначаецца ідэалізаванымі і абагульненымі вобразамі, вершаванай формай («Іліяда» Гамера, «Энеіда» Вергілія). У 18-19 ст. вядучым жанрам Э. стаў раман, для якога характэрны больш індывідуалізаваныя вобразы, празаічная форма. Эпічныя творы бытуюць у вуснай або кніжнай формах (напр., «Іліяда» і «Адысея», «Махабхарата», расейскія быліны, ісландскія сагі і інш.). У беларускай літаратуры да ўзораў Э. адносяцца «Песня пра зубра» М.Гусоўскага, «Новая зямля» Я.Коласа, «Людзі на балоце» І.Мележа і інш.

Паведаміць пра недакладнасьць