Язычніцтва (ад царк.-слав. «языцы» - чужаземцы, народы; паганства), агульны тэрмін для абазначэння старажытных вераванняў і культаў, якія існавалі да ўзнікнення і пашырэння «вышэйшых» монатэістычных рэлігій (будызм, хрысціянства, іслам). Іншая назва - паганства (ад лац. paganus - язычнік). Сутнасць язычніцкіх культаў заключалася ў магічным уздзеянні на прыроду. У большай ці меншай ступені захоўвалася ў духоўнай культуры многіх народаў нават пасля прыняцця адной з сусветнай рэлігій, што было звязана з захаваннем традыцый у сферы працоўнай дзейнасці, штодзённых паводзін, а таксама з непаўнатой ведаў чалавека аб прыродных і сацыяльных з'явах, немагчымасцю поўнасцю падначаліць сабе сілы прыроды. Для Я. характэрны вера ў шматлікіх багоў і божастваў (політэізм); абагаўленне розных прыродных сіл і стыхій (пантэізм); перакананне ў рэальным існаванні душы, добрых і злых духаў (анімізм); надзяленне чалавечымі рысамі і якасцямі прыродных з'яў, багоў, міфічных істот (антрапамарфізм); вера ў цудадзейную сілу асобных матэрыяльных прадметаў (фетышызм); уяўленні аб звышнатуральнай роднасці паміж людзьмі і пэўным відам жывёл, раслін (татэмізм); магічныя дзеянні; культ продкаў. Прыхільнікі Я. - язычнікі (паганцы) - прыносілі разнастайныя ахвярапрынашэнні (часцей прадукты харчавання, расліны, радзей - жывёл і нават людзей) шматлікім божаствам, пакланяліся духам рэк, азёр, лясоў, асобных жывёл, а таксама дрэвам, камяням, крыніцам і г.д. Найбольш паважаныя язычніцкія багі славянскіх плямёнаў - Пярун (бог грому і маланкі), Вялес (бог жывёлагадоўлі), Сварог (бог неба) і яго сын Дажбог (бог сонца). Язычніцкія культавыя збудаванні называліся капішчамі (свяцілішчамі). У цэнтры капішчаў знаходзіліся драўляныя ці каменныя ідалы, каля якіх праводзіліся святкаванні, выконваліся рытуальныя дзеянні.

У Беларусі з канца 10-11 ст. Я. пачало паступова выцясняцца хрысціянствам. Працяглы час тут захоўвалася своеасаблівае «двухвер'е», калі адначасова існавалі дзве найбольш уплывовыя рэлігійныя практыкі - Я. і хрысціянства. Старажытнае язычніцкае паходжанне маюць многія беларускія народныя святы, абрады, звычаі - Купалле, Каляды, Дзяды, Радаўніца, трызна, «гуканне вясны», ваджэнне «куста», пахаванне «стралы» і інш. У сучасным беларускім грамадстве для свядомасці часткі насельніцтва (найперш для вясковых жыхароў пажылога ўзросту) характэрны рэлігійныя прымхі, якія захоўваюць у сабе сляды Я. на ўзроўні народных святаў, абрадаў і звычаяў (напр., язычніцкімі па свайму паходжанню з'яўляюцца многія замовы, варажба, асобныя народныя святы, абрады і інш.). Рэшткі язычніцтва захоўваюцца ў выглядзе выкарыстання асобнымі людзьмі разнастайных замоў (загавораў, шэптаў), добразычлівых ці зламысных пажаданняў (праклёнаў), засцерагальных слоў і выказванняў (накшталт «Чур мяне»), у распаўсюджаных забабонах (тыпу «чорнага ката», «чортавай дзюжыны»), распаўсюджаных звычках адцурання ад усяго злога, дрэннага (пляваць тройчы праз левае плячо, прыгаворваць «цьфу, цьфу, цьфу» і г.д.). Яшчэ і цяпер асобныя жыхары Беларусі выкарыстоўваюць абрады лячэбнай магіі (знахарства), пакланяюцца асобным камяням, дрэвам, крыніцам і да т.п.

Паведаміць пра недакладнасьць