Вострыкаў Цімох (Міхась; 28.08.1922, в. Баршчоўка Церахаўскага павету (сёньня Добрускі р-н Гомельскае вобл.)). У якасьці паўнамоцнага прадстаўніка Рады БНР 27 жніўня 1952 быў высаджаны ў складзе групы з чатырох чалавек з амэрыканскага ваеннага самалёту на тэрыторыю БССР.

Быў арыштаваны НКВД 5 верасьня 1952 году праз здраду аднаго з удзельнікаў высадкі. Да 1955 году знаходзіўся ў менскай сьледчай турме «Валадарцы». У 1955 годзе быў асуджаны па артыкуле 63-б (здрада радзіме са зброяй у рукох) КК БССР, і да 1975 году адбываў тэрмін зьняволеньня ў лягерох Мардовіі. Сёньня пэнсіянэр, жыве ў Гомелі.

У 1939 годзе бацька В. Якім быў асуджаны на тры гады турмы за адмову ўступаць у калгас, а ў 1946 годзе быў асуджаны па фальшывым даносе аб супрацоўніцтве зь нямецкімі ўладамі.

У 1940 В. скончыў двухмесячныя настаўніцкія курсы і да пачатку нямецкае акупацыі настаўнічаў у Маларыцкім р-не Берасьцейскае вобл. У 1941 быў мабілізаваны ў Чырвоную армію. У першыя месяцы вайны патрапіў у нямецкае акружэньне, а затым у нямецкі лягер для ваеннапалонных. В. уцёк зь лягеру ў Гомель. У 1942 працаваў як «остарбайтэр» у Нямеччыне. «Я прыкінуўся прыпадачным, і мне далі дакумэнт, што я нягодны для працы, і я вярнуўся ў Гомель. А ў Гомелі мне далі даведку, што я добраахвотна паехаў у Нямеччыну, але як хворы вярнуўся назад. Па гэтай даведцы ня бралі ні ў паліцыю, нікуды. Я нідзе не служыў», - успамінае В.

У 1943 перад наступленьнем савецкага войска перад В. паўстала дылема: альбо вяртацца да савецкага жыцьця, альбо шукаць іншыя пэрспэктывы. В. ізноў скіраваўся ў Нямеччыну, дзе ў 1944 апынуўся ў амэрыканскай акупацыйнай зоне.

У 1945 зьмяніў у дакумэнтах імя Цімох на Міхась і назваўся ўраджэнцам Заходняе Беларусі з увагі на прымусовую рэпатрыяцыю ўсіх «усходнікаў» у СССР. З 1946 па 1948 В. вучыўся ў Міхельсдорфскай беларускай гімназіі імя Янкі Купалы, дзе пазнаёміўся з шэрагам будучых лідэраў беларускага эмігранцкага жыцьця: Я.Запруднікам, П.Урбанам, В.Кіпелем і інш. Па прызнаньні В., менавіта дзякуючы навучаньню ў гімназіі ён з простага праціўніка савецкага рэжыму ператварыўся ў сьвядомага беларуса. Па заканчэньні гімназіі В. разам з адзінаццацьма аднаклясьнікамі ўдзельнічаў у выпуску і распаўсюджваньні часопісу «Наперад», якога пасьпелі выдаць 12 нумароў. Неўзабаве група выдаўцоў беларускага моладзевага выданьня атрымала назву «слаўнае дванаццаткі». Напрыканцы 1948 году «дванаццатка» скіравалася на заробкі ў вугальныя шахты Англіі. У 1950 годзе «дванаццатку» знайшоў тагачасны прадстаўнік Рады БНР Барыс Рагуля. Ён запрапанаваў хлопцам навучаньне ў Лювэнскім унівэрсытэце ў Бэльгіі.

«Я зразумеў, што на Захадзе не змагу прынесьці карысьці Бацькаўшчыне. Мы ўжо ведалі, што зь Беларусі людзі зьяжджаюць, а наплываюць чужынцы. У размовах зь сябрамі я выказаў жаданьне вярнуцца на Радзіму самастойна. А некаторыя з хлапцоў, як Урбан, у нейкай ступені былі зьвязаныя з амэрыканскай выведкай - праз Рагулю», - узгадвае В. У 1951 годзе ён апынуўся на амэрыканскай вайсковай базе Бадвэрысгофэн (Badverishofen) пад Мюнхенам. Пасьля спэцпадрыхтоўкі ў складзе чатырохасобавай групы В. як паўнамоцны прадстаўнік Рады БНР дэсантаваўся на тэрыторыю БССР у ноч з 26 на 27 жніўня 1952.

Па перакананьні В., адзін з удзельнікаў групы - Арцюшэўскі - быў здраднікам. Празь яго МГБ выкрыла групу на працягу аднаго тыдня. Гэта здарылася 5 верасьня за чатыры дні да арышту іншага прадстаўніка Рады БНР, які дэсантаваўся на тэрыторыю БССР 9 верасьня 1951 году - Янкі Філістовіча. «Я на допытах сьледчаму казаў, што прыбыў у Беларусь добраахвотна з мэтай дапамагчы маёй Бацькаўшчыне», - кажа В.

Паводле словаў В., ён мае доказы таго, што высадка была наўмысна сплянаваная на правал. Што амэрыканскай выведцы быў патрэбны адвадны манэўр для прыкрыцьця высадкі іншага разьведчыка. В. перакананы, што МГБ ведала пра плянаваную высадку наперад, што ЦРУ арганізавала адмысловую «ўцечку інфармацыі». «Яны нас заслалі на зьядзеньне, каб мы прыкрылі іхнага разьведчыка-ўкраінца... Я магу прывесьці восем фактаў пацьвержаньня: нас не абучалі, штурхнулі на тыя кватэры, пра якія ведалі гэбісты, загадалі адразу па высадцы падаць радыёсыгнал і інш.», - сьцьвярджае В.

В. быў асуджаны на 23 гады зьняволеньня ў лягерох агульнага рэжыму. Тэрмін ён адбыў «ад званка да званка» ў чатырох мардоўскіх лягерох. У кожным месцы зьняволеньня ён ствараў беларускі асяродак, скіраваны як на змаганьне за чалавечыя правы зьняволеных, гэтак і на культурна-асьветніцкую дзейнасьць: «Звычайна на дзьве - дзьве з паловай тысячы вязьняў нас зьбіралася ня менш за шэсьцьдзесят-семдзесят чалавек. То бок, выхадцаў зь Беларусі было значна болей, але гэта былі «цямці-лямці». Кшталту таго, што «я тоже белорус» альбо «też jestem białorusinem», а трэба было казаць «я таксама беларус».

Па вызваленьні ў 1975 годзе Цімох Вострыкаў працаваў да выхаду на пэнсію на пачатку 80-х на розных будаўнічых работах.

Яшчэ ў зьняволеньні ён пачаў пісаць гістарычную працу па гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, дасылаў свае матэрыялы ў Інстытут гісторыі АН БССР. З пачатку 90-х В. актыўна ўключыўся ў грамадзка-культурнае жыцьцё Беларусі. Выступаў з публічнымі лекцыямі на гістарычныя тэмы ў дзіцячых і грамадзкіх установах Гомельшчыны.

Па сьцьвярджэньні В., ён падрабязным чынам занатаваў свае ўспаміны, якія адносяцца да стасункаў з амэрыканскай выведкай і высадкі ў Беларусі. Сёньня В. лічыць, што «яшчэ не прыйшоў час» публікаваць дэталі гэтае справы.

Упершыню В. даў інтэрвію ў 04.06.1998 году карэспандэнту газэты «Наша Ніва» для Архіву Найноўшае Гісторыі.

Кр.: 1. ANH F-4/2:27.

Бібл.: 2. Ян Максімюк. Беларуская гімназія імя Янкі Купалы ў Заходняй Нямеччыне 1945-1950. Ню Ёрк - Беласток, 1994.

Севярын Квяткоўскі

Паведаміць пра недакладнасьць