Конан Мікола (26.10.1929, мястэчка Лужкі Вялейскага павету (сёньня Шаркоўшчынскі р-н Віцебскай вобл.)), вязень ГУЛАГу з 1948 па 1954. Удзельнік Нарыльскага паўстаньня 1953.

Пачатковую адукацыю К. атрымаў у польскай школе, што знаходзілася ў роднай вёсцы Лужкі. Нягледзячы на моцны польскі ўплыў, дзякуючы бацькам К. адчуваў подых беларускасьці. «У школе гучала толькі польская мова. Але дома бацька вучыў нас роднай. Бацька намагаўся зь людзьмі гаварыць толькі па-беларуску. Нас, Конанаў, у Лужках па-вулічнаму клікалі беларусамі, а малых, мяне і брата, адпаведна, беларусікамі», - кажа К. [2, 301].

У верасьні 1939 сям'я Конанаў вітала прыход Чырвонай Арміі. Пры саветах К. працягваў вучобу ў гэнай жа школе, што і раней. Сярод настаўнікаў быў і беларускі мастак Язэп Драздовіч.

Пад час нямецкай акупацыі скончыў 5-ую і 6-ую клясы школы ў Лужкох. «Адразу мы адчулі, што школа ў нас стала сапраўды беларускай. Не скажу, вісеў у нас у школе вялікі партрэт фюрэра з надпісам: «Гітлер - асвабадзіцель». Нам нешта казалі пра Гітлера, пра Нямеччыну. Але палітыкі ўсё ж у школе было няшмат. Ды і яе сьвядома стараліся пазьбягаць настаўнікі», - узгадвае К. [2, 303-304]. Пасьля ўдалай здачы экзаменаў зь верасьня 1943 К. пачынае навуку ў адкрытай у Глыбокім гімназіі. Пад час вучобы ў гэтай установе быў залічаны ў склад мясцовай суполкі Саюзу Беларускай Моладзі (СБМ).

Па прыходзе Чырвонай Арміі К. працягваў навучаньне ў Глыбоцкай пэдагагічнай навучальні. Пра існаваньне створанай у гэты час моладзевай паваеннай падпольнай арганізацыі Саюз Беларускіх Патрыётаў (СБП) ня ведаў. «Усё маё дачыненьне да СБП было хіба ў тым, што я на просьбу аднакурсьніка Васіля Мядзельца, просьбу даверліва-сакрэтную, надрукаваў пад капірку экзэмпляраў пяць тэксту прысягі, якую прымалі тыя, хто ўступаў у гэтую арганізацыю. Я цалкам згаджаўся з тым, што прачытаў. Мог успрыняць тое, як выпісаную аднекуль удалую цытату, якая спадабалася Васілю, можа, нават як ягоную думку. Але ні ў якім разе я ня зьвязваў гэта зь якой арганізацыяй ці акцыяй», - узгадвае К. [2, 297-298].

Па сканчэньні Глыбоцкай пэднавучальні К. быў накіраваны працаваць настаўнікам у вёску Залесьсе, недалёка ад Глыбокага. У хуткім часе ён паступае ў Менскі пэдагагічны інстытут імя Горкага на завочнае аддзяленьне. Арыштаваны К. быў узімку 1948 органамі МГБ па справе СБП. Ведаючы пра толькі ўскоснае дачыненьне К. да СБП, МГБ намагалася завэрбаваць яго ў якасьці «сэксота». Але К. адмовіўся і быў засуджаны на 10 гадоў лягероў.

Пасьля знаходжаньня ў Аршанскай, Куйбышаўскай і Краснаярскай перасылачных турмах, трапіў на медзеплавільны камбінат у Нарыльску. Улетку 1953 К. браў удзел у хваляваньнях зьняволеных, якія скончыліся ўзброенымі сутыкненьнямі зь лягернай аховай. «Увесь наш лягер № 5 на працу ня выйшаў. Забастовачны камітэт выставіў патрабаваньні выклікаць для перамоваў прадстаўніка з Масквы. Усё ж прыбыў да нас пасланец з Масквы. У выніку перамоваў нашыя патрабаваньні як быццам былі прынятыя да ўвагі. Тады мы выйшлі на працу. Аднак на тым ня скончылася. Пасьля стала вядома, што было забіта каля 20 чалавек зь ліку паўстанцаў», - гаворыць К. [2, 312-313].

У верасьні 1954 К. быў вызвалены і накіраваўся ў Беларусь. Але спаткаў там адмоўнае стаўленьне да сябе з боку мясцовай адміністрацыі і ў хуткім часе разам зь сябрам Іванам Бабічам, які таксама прайшоў сталінскі ГУЛАГ за прыналежнасьць да СБП, зьехаў у Інту (Комі АССР), дзе ўладкаваўся на працу шахцёрам. Адначасна К. скончыў дзясятую клясу вечаровае школы і паступіў на завочнае аддзяленьне ў Маскоўскі інстытут нафты імя Гібкіна. Але потым мусіў перавесьціся ў Ленінградзкі горны інстытут. Па выхадзе на пэнсію пераехаў у Беларусь на пастаяннае месца жыхарства. Жыве ў роднай вёсцы Лужкі. Рэабілітаваны. К. браў удзел у напісаньні ўспамінаў да кнігі «Гарт. З успамінаў пра Саюз Беларускіх Патрыётаў».

Кр.: 1. ANH, F-3.

Бібл.: 2. Гарт. З успамінаў пра Саюз Беларускіх Патрыётаў. Мн., 1997. С. 21, 297-315, 333-335, 340.

Юры Грыбоўскі

Паведаміць пра недакладнасьць