Раманчук Сымон (1916, в. Баяры на Нясьвіжчыне - 1952?), беларускі вайсковы дзеяч, вязень савецкіх лягероў.

У 1930-я закончыў Нясьвіскую настаўніцкую сэмінарыю, паступіў у польскую школу падхаружых. Аднак пачатак нямецка-савецкай вайны перашкодзіў яе скончыць. З 1940 у родных мясьцінах хаваўся ад НКВД, езьдзіў у Львоў.

Пад час нямецкай акупацыі Р. працуе ў цывільнай адміністрацыі ў Нясьвіжы. З сакавіка 1944 ён, старшы лейтэнант, узначальвае пэрсанальнае бюро пры Галоўнай Управе Беларускае Краёвае Абароны. З 1944 - у Нямеччыне. У Беларусь вярнуўся ў 1945 г. з дэсантам батальёну «Дальвіц», быў арыштаваны.

Афіцэр БКА Уладзімір Сіўко ўспамінае, што ў лютым 1946 Р. спрабаваў уцячы зь менскае «амэрыканкі»: «Ён і былы савецкі партызан Кавалёў, калі іх вялі ў лазьню, аглушылі ахоўніка й пераскочылі празь сьцяну. Ад пагоні ўцекачы схаваліся ў руінах, але сабакі знайшлі іх сьлед. Р. зь сябрам адбіваліся ад энкавэдыстаў цэглай і каменьнем...». Р. пасьля няўдалай спробы пабегу моцна катавалі й ён спрабаваў скончыць жыцьцё самагубствам.

Р. засудзілі на 10 гадоў лягероў. Спачатку ён знаходзіўся ў «бытавых» лягерох, а пасьля трапіў да палітычных, у «Мінлаг». Там пазнаёміўся з паэткай Ларысай Геніюш, якая пазьней напіша пра яго ў «Споведзі»: «Наш сьветлы герой, які ведаў адно толькі - сваю Радзіму й жыў толькі для яе і ёю». У «Мінлагу» Р. рыхтаваў паўстаньне, кантактаваў у гэтай справе з расейцамі й палякамі. Аднак яго здрадзілі. Пасьля суду быў расстраляны ў Інце.

Кр.: 1. Успаміны Пётры Рашэтніка (архіў аўтара).

Бібл.: 2. Геніюш Л. Споведзь. Мн., 1993; 3. Клімовіч Р. Паўстанне духу // «ЛіМ». 02.06.1995.

Сяргей Ёрш

Паведаміць пра недакладнасьць