Такіх «касмапалітаў» у БДУ, калі я паступіў на ягоны філфак, заставалася некалькі чалавек, і першымі сярод іх хочацца назваць Васіля Рыгоравіча Саўсуна і Людмілу Ўладзіміраўну Круцікаву.
Васіль Саўсун быў у 1920-1930-я прафэсарам Маскоўскага ўнівэрсытэту, слынным навукоўцам, меў сваю катадру. Яго рэпрэсавалі за прыналежнасьць да літаратурна-навуковай групоўкі «Перевал», якая была абвешчаная антысавецкай, і амаль дзесяць год сядзеў у сталінскіх лягерох. У Маскве і іншых буйных гарадох Расеі жыць яму не дазвалялі, паслалі ў Менск, у БДУ простым выкладчыкам - усіх сваіх навуковых званьняў ён быў пазбаўлены. Выкладаў ён расейскую літаратуру 19 стагодзьдзя і спэцыялістам па ёй быў выдатным. Расейскі інтэлігент старога, яшчэ дарэвалюцыйнага складу, прыхільнік дэмакратычнага накірунку расейскай клясычнай літаратуры, у прыватнасьці, вялікі знаўца творчасьці Герцэна, Саўсун так і ня здолеў, нават пасьля лягернай «школы», зрабіцца ідэйным савецкім навукоўцам, выкладаць свой прадмет з марксісцка-ленінскіх пазыцыяў. Ніколі ў сваіх лекцыях ён не ўжываў савецкай ідэйнай тарабаршчыны, нічога не казаў пра ролю вялікага Сталіна ў літаратуразнаўстве і наогул ува ўсёй навуцы. Мала таго, ён фізычна пакутаваў, калі чуў гэтую тарабаршчыну.
Такі прыклад: на маім курсе была студэнтка Нэля, пазьней - вядомая тэлежурналістка «цэнтральнага тэлебачаньня», ягоны карэспандэнт у адной з краінаў Балтыі, прозьвішча яе не хачу называць, бо цяпер яна ў многім зусім іншы чалавек. Дык вось, гэтая Нэля, калі кепска ведала матэрыял, на сэмінарах і на экзаменах ратавалася якраз ідэйнай траскатнёй, якая ніякага дачыненьня да экзаменацыйнага пытаньня ня мела: выцягне білет, скажам, па кнізе Герцэна «Былое і думы», а кнігу гэтую і ў рукі ня брала. І пачынае: «Таварыш Сталін і камуністычная партыя вучаць, што творчасьць Герцэна мае вялікае значэньне... Зразумець яе можна толькі ў сьвятле марксісцка-ленінскай навукі». І гэтак далей. Абы ад твора, які не чытала. Саўсун сядзіць, моршчыцца, заплюшчвае вочы, бярэцца рукамі за сківіцы, так, нібы ў яго баляць зубы, а потым, калі Нэля адтарабаніць, з асалодай кажа: «Ставлю вам двойку, милая барышня! Пятёрку вам поставят, когда вы будете сдавать марксизм-ленинизм. А я вам читал совсем другой предмет. И вы его не знаете!»
Ён быў бяльмом на воку ў кіраўніцтва катадры расейскай літаратуры і, асабліва, партыйнай арганізацыі БДУ. «Неразоружившийся враг!» - як тлумачыў студэнтам прафэсар Іван Гутараў, завадатар усёй антыкасмапаліцкай кампаніі ўва ўнівэрсытэце (Гутараў, трэба адзначыць, быў чалавек неардынарны, нават таленавіты, меў бліскучую памяць, быў фэнамэнальна начытаны і разам з тым, як гэта ні дзіўна, ён быў невук, вульгалізатар, усе ягоныя веды былі павярхоўныя, «з наскоку», і лекцыі ягоныя (ён чытаў курс «Уводзіны ў літаратуразнаўства») былі эклектычнай мешанінай гэтых ведаў). На што Саўсун, і таксама «неразоружившийся враг» Людміла Круцікава неаднарозова і публічна яму ўказвалі (Круцікава, прыгажуня, якіх мала, іранічная, дзёрзкая, абсалютна бясстрашная, чытала курс расейскай савецкай літаратуры, і чытала бліскуча, і мова ў яе была бліскучая, не засьмечаная савецкім «новаязам», як і мова Саўсуна, хоць Людміла Ўладзіміраўна была зусім яшчэ маладой жанчынай).
Сёньня, з адлегласьці амаль паловы стагодзьдзя, бачыш і разумееш тое, што нам, тагачасным студэнтам, у большасьці сваёй вясковым хлопцам, хлопцам з «пралетарскіх гарадзкіх ускраінаў», было не зразумела: Гутараў і іншыя «партыйныя навукоўцы» цкавалі Саўсуна і Круцікаву, Давіда Фактаровіча і Леаніда Рэзьнікава (мужа Круцікавай), Марыю Андрэеўну Карнееву-Пятрулан, дацэнта Касоўскага не за «касмапалітызм» - касмапалітызм быў шырмай, а за іх інтэлігентнасьць, порядочность, за няздольнасьць да халуйства, да беспрынцыповасьці, да цынічнай дэмагогіі. А галоўнае, за іх кампэтэнтнасьць, дасьведчанасьць, за вернасьць навуцы. Студэнцкая маса бяздумна пляскала ў далоні Гутараву. Але былі і такія, якія і тады разумелі, што адбываецца, разумелі, каго губляе БДУ ў асобе такіх людзей, як Саўсун і Круцікава. Яшчэ ў 1949-м, калі выганялі Барага, група студэнтаў на чале з Кімам Хадзеевым і Разітай Калпакчы паднесьлі яму на вачах Гутарава і ягонай хэўры кветкі, абдымалі яго са сьлязьмі на вачох. І Хадзеева, і Разіту выключылі з камсамолу, трымалі, што называецца, у чорным целе, але тыя і ад Саўсуна з Круцікавай не адвярнуліся і казалі ўсім, што гэта выдатныя навукоўцы і сумленныя людзі. (Пра Кіма Хадзеева наогул хадзілі легенды, як пра хлопца, які не баіцца самога КГБ, як пра адважнага дысыдэнта, хоць тады яшчэ не было такога слоўца ў агульным ужытку. Ад сябе скажу, што ў тым, што зьвязанае з Хадзеевым, шмат цьмянага, дзіўнага, але магу пацьвердзіць, што ён гаварыў пра партыйнае цемрашальства адкрытым тэкстам.)
Недзе ў 1952 Саўсуна і Круцікавай у БДУ ня стала. Далейшы лёс Саўсуна мне невядомы, а Людміла Ўладзіміраўна потым жыла і працавала ў Ленінградзе, у ЛДУ, стала доктарам навук. Зь Леанідам Рэзьнікавым яна разышлася і вышла замуж за вядомага расейскага пісьменьніка Фёдара Абрамава. Ня ведаю, ці жывая яна, ці жывы Давід Фактаровіч, які перабраўся напрыканцы 50-х у Маскву, і Леў Бараг - ён доўгі час пасьля выгнаньня з БДУ выкладаў старажытнарускую літаратуру ў адной з духоўных праваслаўных сэмінарыяў недзе на поўначы Расеі, а потым працаваў у Башкірскім унівэрсытэце, дзе абараніў доктарскую дысэртацыю. Дацэнт Касоўскі, мовазнаўца, гутараўская ахвяра яшчэ адной барацьбы - барацьбы з т.зв. марыстамі, якая праходзіла «ў сьвятле працы вялікага Сталіна «Марксізм і пытаньні мовазнаўства» наколькі мне вядома, даўно памёр.
Я не гісторык, а цалкам літаратар, і ў сваёй кнізе ўспамінаў, якую пішу, спрабую стварыць чыста чалавечыя, псыхалягічныя партрэты згаданых у гэтай маёй нататцы людзей, прывесьці мастацкія замалёўкі эпізодаў барацьбы з касмапалітызмам у БДУ, сьведкам якіх быў. Але, думаю, гэта тэма для грунтоўнага гістарычнага дасьледаваньня, - спадзяюся, што хто-небудзь з маладых гісторыкаў, прачытаўшы гэты мой пункцірны накід, ёю зацікавіцца.
Валянцін Тарас, сябра Беларускага Пэн-Цэнтру